«Задача — спыніць, а не прыпыніць будоўлю ў Курапатах»

На сядзібе БНФ прайшло другое пасяджэнне Аргкамітэту па Абароне Курапатаў. Былі разгледжаныя перспектывы пратэсту ды канкрэтыка ў патрабаваннях да ўладаў.

Пасяджэнне вялі Павел Севярынец ды Аляксей Янукевіч. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі грамадскасці, некалькі жыхароў раёна, дзе вядзецца забудова і СМІ.

“Мы нават не дзяржава, якая можа пайсці на кампраміс з забудоўшчыкам, — сцвярджае Павел Севярынец, — Мы бескампрамісныя. Таму наша задача мінімум, гэта спыненне, а не часовае прыпыненне будоўлі. Задача максімум — аднаўленне ахоўнай зоны вакол Курапатаў у межах 2003 года”.

У выпадку пагаршэння сітуацыі было вырашана правесці агульнагарадскі мітынг ля будаўнічай пляцоўкі. Як пакажа практыка, літаральна праз гадзіну камісія ў Адміністрацыі Першамайскага раёну ўзаконіць будоўлю*.

У сераду, 1 сакавіка, пасля нарады ў старшыні Мінгарвыканкаму Шорца мае адбыцца тэхнічная нарада Штабу Абароны Курапатаў наконт далейшых дзеянняў. Прадстаўнікі СМІ на нарадзе не будуць прысутнічаць, але арганізатары паведамяць журналістам пра свае рашэнні.

Палітыкі таксама заклікалі прыходзіць у Курапаты штораніцы на 8-ю гадзіну, на выпадак, калі працы на будоўлі, прыпыненыя сёння зранку, усё ж такі вырашаць аднавіць. На час пратэсту таксама былі запланаваныя экскурсіі па Курапатах кожную суботу, якія будуць весці гісторыкі ды даследчыкі рэпрэсіяў.

   

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: