Захад кажа слова, і непрыемнасці, адкуль не чакалі. Найважнейшае за 15 верасня

Безумоўна, гэта быў дзень міжнароднай рэакцыі на падзеі ў Беларусі. Прычым, рэакцыі ў нечым даволі нечаканай. А нашыя ўлады і не чухаюцца, каб нешта зрабіць. Падаецца, — ужо зразумелі: сітуацыю не выратуеш.


Кіраўнік знешнепалітычнай службы ЕС Жазэп Барэль, выступаючы на сесіі Еўрапарламента ў аўторак, заявіў, што ЕС лічыць выбары ў Беларусі сфальшаванымі, таму разглядае Лукашэнку як нелегітымнага кіраўніка. ЕС бачыць выхад з крызісу ў арганізацыі дыялогу паміж уладамі і грамадствам, «аднак мы не змаглі звязацца з беларускімі ўладамі ні на якім узроўні», — дадаў ён.

Гэта азначае, што санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў — будуць. Па яго словах, яны будуць уведзены ў найбліжэйшы час. Барэль разлічвае на іх узгадненне да 24-25 верасня.


Парламенцкая асамблея Рады Еўропы «рашуча асудзіла празмернае прымяненне сілы» супрацоўнікамі сілавых ведамстваў супраць мірных дэманстрантаў у Беларусі, і заклікала да празрыстага і бесстаронняга расследавання шматлікіх выпадкаў гвалту і жорсткасці з боку сілавікоў. Там таксама заявілі пра неабходны «дэмакратычны, шырокамаштабны і інклюзіўны палітычны дыялог» з паўнавартасным удзелам у ім грамадзянскай супольнасці. Дэкларацыю падтрымалі 24 краіны, супраць выказалася толькі Расія.

Двухпартыйная група з 13 амерыканскіх сенатараў прадставіла ў Кангрэсе ЗША рэзалюцыю, якая заклікае ўвесці адрасныя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, адказных за падаўленне мірных дэманстрацый у краіне. Відавочна, Кангрэс адзіны ў дачыненні да Беларусі. Санкцыі плануецца каардынаваць з Еўрапейскім саюзам і іншымі міжнароднымі партнёрамі.


Ален самае цікавае: нарвежская кампанія Yara, адзін з найбуйнейшых гульцоў рынку мінеральных угнаенняў і пакупнік гэтых угнаенняў у «Беларускалія», выступіла з заявай па сітуацыі Беларусі. У заяве гаворыцца, што кампанія паважае правы чалавека, свабоду выказвання меркаванняў і права ўдзелу ў выбару. Акрамя таго, яна прызнае і паважае правы працоўных, уключаючы права на страйк. «Мы выразна чакаем, што нашы дзелавыя партнёры будуць прытрымлівацца нашых этычных прынцыпаў, што яны выконваюць законы і пастановы, а таксама міжнародна прызнаныя стандарты ў галіне правоў чалавека, правоў супрацоўнікаў і этычнага вядзення бізнесу» — гаворыцца ў заяве.

Гэта азначае, што на замежныя кампаніі, якія супрацоўнічаюць з беларускімі вытворцамі, пачаўся ціск з боку прафсаюзаў іх краін. Працоўныя Нарвегіі, напэўна, ціснуць на Yara з тым, каб яна спыніла аперацыі з «Беларускаліем» з-за парушэння правоў працоўных. І таму кампанія зрабіла такую заяву.

Гэта — міжнарожная салідарнасць працоўных, — можа стаць яшчэ адным непрыемным для ўлады фактарам. Калі ад кантрактаў з Беларуссю пачнуць адмаўляцца з палітычных прычынаў. Бо лепш не мець справу з «таксічным» беларускім рэжымам, чым атрымаць забастоўку на сваім прадпрыемстве, праўда?

А беларускія ўлады працягваюць «прабіваць дно». Некаторыя з іх узяліся за дзяцей. А спадар Караеў вырашыў увогуле закрыць адміністрацыйныя працэсы для публікі.

Міліцыянтам і так дазволена ў беларускіх так званых судах вельмі шмат. Гэта і сведчыць у балаклавах, і называць замест адрасу месца жыхарства адрас месца службы, існуе «прэзумпцыя даверу да супрацоўніка міліцыі». Калі яго словы не ставяцца пад сумнеў, не кажучы ўжо пра заганную практыку «накіравання пратаколу на дапрацоўку», калі міліцыянты могуць перарабляць яго пад свае патрэбы сто разоў. Але і гэтага мала!

А значыць — захады псіхалагічнага ўздзеяння на ілжэсведкаў працуюць.


А супраціў — трывае. Сілавікі абвясцілі дзяржзакупку бронекамізэлек  — і хакеры паклалі сайт дзяржзакупак. Бо няма чаго марнаваць народныя грошы.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: