Заяўку на Дзяды–2018 у Мінску падалі на 28 кастрычніка

Апошнія падзеі вакол Курапатаў не змянілі планаў КХП БНФ на штогадовую акцыю, распавёў Юрась Беленькі «Радыё Свабода».

Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ на пачатку мінулага тыдня падала заяўку на традыцыйныя шэсце і мітынг у Мінску, прымеркаваныя да дня памяці продкаў — Дзядоў, расказаў “Радыё Свабода” намеснік старшыні КХП БНФ Юрась Беленькі.

Акцыі просяць дазволіць правесці ў нядзелю, 28 кастрычніка (каталікі адзначаюць Дзяды 2 лістапада, праваслаўныя сёлета — 3-га, акцыю прызначаюць на папярэднюю нядзелю). Як кажа Беленькі, шэсце мае прайсці па традыцыйным маршруце і ў традыцыйным фармаце.

Цяперашнія падзеі вакол Курапатаў — пратэсты супраць рэстарацыі «Поедем поедим» і спрэчкі вакол дзяржаўнага памятнага знаку — збольшага не зменяць фармату і ідэі акцыі, але будуць згаданыя на мітынгу, дадае Беленькі.

«Трэба памятаць, што гэта не метэарыт ці землятрус забіў людзей»

«Калі ёсць нейкія падзеі, якія закранаюць нашае грамадства, не толькі звязаныя з мемарыялам у Курапатах, яны адзначаюцца на мітынгах, — тлумачыць Беленькі. — Тое, што адбывалася ў Курапатах, было рэалізацыяй расійска-бальшавіцкай палітыкі на акупаванай тэрыторыі, гэта вынік яе. Калі мы бачым праявы такой палітыкі сёння, стратэгію на яе, мы не можам гэта не адзначаць.

Гэта не метэарыт упаў калісьці, што стала столькі ахвяраў, не землятрус быў. Гэта была свядомая палітыка суседняй дзяржавы на тэрыторыі нашай. Адна з найважнейшых нашых задач — не дапусціць, каб быў паўтор Курапатаў».

 

***

На наступны дзень пасля меркаванай даты акцыі ў Курапатах запланаваная «Ноч расстраляных паэтаў» — вечарына напаміну пра «чорную ноч» 1937 году, калі савецкія энкавэдысты расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў.

www.svaboda.org


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!