Заява КХП-БНФ у сувязі з сітуацыяй у Курапатах

Стала вядома, што ў Курапатах у чарговы раз будуць зносіць крыжы. 
"14 траўня нам стала вядома, што рэжым пачаў падрыхтоўку да наступнага этапа знішчэньня крыжоў на магілах пакутнікаў у Курапатах. На тэрыторыі Народнага мемарыялу ўжо некалькі дзён працуюць работнікі Бараўлянскага лясгасу. Яны пакасілі траву каля Крыжовай алеі і каля агароджы, а таксама засыпалі ямкі, якія яшчэ з мінулага года былі падрыхтаваны грамадствам для ўстаноўкі новых крыжоў каля Крыжовай алеі. Зразумела, што пад выглядам “добраўпарадкавання тэрыторыі” праводзяцца дзеянні з мэтай не дапусціць устаноўкі новых крыжоў у Курапатах.

У той жа час мы атрымалі звесткі аб тым, што 16 траўня рэжым збіраецца правесці “ачыстку тэрыторыі ад старых крыжоў” на магілах пакутнікаў. Зразумела, што самы работнікі або кіраўніцтва Бараўлянскага лясгасу не маглі прыняць такое рашэнне. Задача па знішчэнню крыжоў атрымана імі з самых вярхоў рэжыма, а рэжыму загадала пайсці на гэтыя варварскія дзеянні Масква.

Мы ўжо заявілі прысутным работнікам лясгасу, што такія дзеянні недапушчальныя і злачынныя. Паводле хрысціянскай традыцыі, пакуль крыж стаіць на магіле, ніхто ня мае права знішчаць яго, каб не дапусціцца блюзнерства. Сапраўдная мэта рэжыму зразумелая – паэтапнае знішчэньне крыжоў, пасля чаго рэжымныя вандалы пачнуць знішчэньне магіл пакутнікаў.

Мы заклікаем грамадства далучыцца да абароны крыжоў і магіл у Курапатах, сарваць чарговую спробу рэжыма па ліквідацыі Народнага мэмарыяла. Ня выключана, што рэжымная “ачыстка ад крыжоў” пачнецца не 16 траўня, а на дзень раней або пазней. У сувязі з гэтым ужо з 15 траўня і ў наступныя дні на тэрыторыі Народнага мэмарыяла павінны знаходзіцца людзі, якія будуць сачыць за сітуацыяй і змогуць даць сігнал аб тым, што вандальскія дзеянні пачаліся. Пасля такога сігналу неабходна будзе падымаць грамадства на абарону крыжоў. Дзяжурствы дабраахвотнікаў павінны быць арганізаваны на працягу ўсяго дня.
Рэжым, які пабудаваў у ахоўнай зоне рэстаран-бардэль і арганізоўвае там скокі на касцях, які пераследуе людзей, што ставяць крыжы на магілах пакутнікаў, — такі рэжым ня мае права вызначаць “стары” крыж або “не стары”, ня мае права знішчаць хрысціянскія сімвалы на магілах пакутнікаў Беларусі.
Усе на абарону Народнага мемарыяла ў Курапатах!

Управа Сойму Кансерватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ
Намеснік старшыні Партыі Сяргей Папкоў
Грамадскае аб’яднанне Хрысціянская злучнасць Курапаты
Намесьнік старшыні ГА Алесь Чахольскі

15 траўня 2019 г.

Менск"


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!