Зайдэс пра вяселле ў Курапатах: «Салюту з маёй тэрыторыі не было»

Бізнесовец кажа, што ў яго ёсць відэазапіс, які гэта пацвярджае: «Вяселле было, гэтага ніхто не адмаўляе. А салюту не было. Людзі зрабілі перадзамову, прыйшоў мужчына ў касцюме, нявеста ў белай сукенцы, нават не ў вэлюме. Мне іх што, выгнаць?» — перадае яго словы «Радыё Свабода».

Фота: Дар'я Буракіна, TUT.BY


Адзін з заснавальнікаў рэстарану «Поедем поедим» Леанід Зайдэс пракаментаваў парталу tut.by вяселле побач з мемарыялам памяці ахвяраў сталінізму ў Курапатах.

Актывісты падрыхтавалі заяву ў Генеральную пракуратуру Беларусі на гаспадароў рэстарану. Нагодай стала вяселле з салютам і феерверкамі, якія 17 жніўня зняў на відэа актывіст Зміцер Дашкевіч.

Леанід Зайдэс заявіў: «Вяселле было, гэтага ніхто не адмаўляе. А салюту не было. Прытым вяселле на дзевяць чалавек, гэта хіба вяселле? Людзі зрабілі перадзамову, прыйшоў мужчына ў касцюме, нявеста ў белай сукенцы, нават не ў вэлюме. Мне іх што, выгнаць? Яны проста распісаліся. Гэты відэазапіс зроблены не на маёй тэрыторыі. Ёсць мая тэрыторыя, за якую я адказваю. На падкантрольнай мне тэрыторыі салюту не было».

Бізнесовец кажа, што ў яго ёсць відэазапіс, які гэта пацвярджае.

— А тое, што адбываецца па-за межамі тэрыторыі... Ну вы зразумейце правільна. Выклікайце тады міліцыю, я за тую тэрыторыю адказнасці не нясу. А так званае вяселле, напэўна, было. Але яно было без музыкі, без нічога, тэлевізар працаваў. Было дзевяць чалавек. Картэжу і лімузінаў не было.

Генеральная пракуратура паведаміла, што зямельны ўчастак пад рэстарацыяй «Поедем поедим» мае «абцяжаранне ў выкарыстанні». У прыватнасці, тут выключаюцца ўсе віды «гучных мерапрыемстваў» і арганізацыя адпачынку на адкрытым паветры.

Абмежаванне тлумачылася «неабходнасцю выключыць парушэнне сакральнага характару прылеглай з усходняга боку гісторыка-культурнай каштоўнасці».

Нагадаем, 20 ліпеня падчас брыфінгу для СМІ Леанід Зайдэс падкрэсліў, што гэта сямейная рэстарацыя, а не забаўляльны комплекс. Ён гарантаваў, што там не будзе гучнай музыкі, фестываляў і феерверкаў. Не прайшло і месяца, як над Курапатамі прагрымеў вясельны салют.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Абмеркаванне:

  • Люстэрка
  • 2018-08-21 01:45:15
Ужо можна спрагназаваць, што скажа таварыш Зайдэс, калі п’яныя наведвальнікі яго рэстарана пачнуць рыгаць і тр-ца прама на магілах і ламаць крыжы: "тое, што адбываецца па-за межамі тэрыторыі,
за тую тэрыторыю я адказнасці не нясу".
  • Андрэй зь Віцебска
  • 2018-08-21 10:09:40
Сп. Зайдэс, якога я лічу агентам расейскіх спэцслужбаў ("сэксотам"), мае на мэце заблытаць тых з нас, хто сумняецца, хто дагэтуль ня верыць, што Бульбаш-хол ёсьць правакацыяй супраць Незалежнасьці нашай Бацькаўшчыны, каб яны засумняваліся яшчэ больш.
Але я спадзяюся, што чарговая нахабная хлусьня ад сп. Зайдэса ацьвярэзіць тых, хто дагэтуль ня верыў, што нас атакавалі! Ідзе гібрыдная вайна! Трэба бараніць сябе, сваю сям’ю, сваё месца працы, свой край!

Каментаваць