Зайдэс супраць Новага Часу — анлайн

У судзе Савецкага раёна Мінска пачаўся працэс па позве Леаніда Зайдэса супраць «Новага Часу». Сачыце за анлайнам на сайце альбо на нашым канале ў Тэлеграме: https://t.me/novychas



Леанід Зайдэс у судзе адсутнічае. За яго працэс вядзе яго адвакатка Яўгенія Патапава.

14.40. Адказчыкі («Новы Час» і Дзяніс Івашын) заявілі шэраг хадайніцтваў аб далучэнні дакументаў да справы. Хадайніцтвы задаволеныя. 

14.50. Адвакатка Леаніда Зайдэса Яўгенія Патапава зачытвае сутнасць позвы і патрабаванні. З яе словаў, Зайдэс не знаходзіўся ў вышуку ва Украіне і да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся. Яна патрабуе спагнаць з НЧ выдаткі па аказанні юрыдычнай дапамогі.

15.10 Адвакатка НЧ Марыя Колесава-Гудзіліна задае ўдакладняючыя пытанні Патапавай: «Вы сцвярджаеце, што ваш давярыцель не мае дачынення да незаконнай будоўлі ў Курапатах. Ці мае ён дачыненне да фірмы «Квартал-МЗС буд?»

Патапава: «Мне гэта невядома. Гэта не ўваходзіць у мой прадмет даказвання па дадзенай справе». Яна ж: «Мой падабаронны як фізічная асоба ўдзелу ў будоўлі рэстарану не прымаў».

Колесава-Гудзіліна ўказвае на тое, што Зайдэс праводзіў прэс-канферэнцыю, дзе выступаў як уласнік рэстарацыі «Паедзем, паядзім». Навошта, — пытаецца адвакатка НЧ, калі ён не мае дачынення да будоўлі?

Патапава: «А навошта Івашын піша свае артыкулы? Кожны чалавек мае права на выказванне грамадзянскай пазіцыі».

15.24 Марыя Колесава-Гудзіліна спрабуе высветліць у адвакткі Зайдэса яго датычнасць да ўкраінскіх фірм. Тая ўхіляецца ад адказу і просіць суд здымаць пытанні. Суд іх здымае.

Яўгенія Патапава зачытывае пераклад ліста бізнес-партнера Зайдэса, кампаніі «ОК Маркет» ад 15 жніўня, у якім ён піша, што «наша фірма даведалася, што вы знаходзіцеся пад следствам», і абвяшчае аб спыненні супрацы з Зайдэсам.

Марыя Колесава-Гудзіліна ставіць змест ліста пад пытанне.

15.40 Яўгенія Патапава выказалася аб маральных пакутах Зайдэса ў сувязі з распаўсюджанай пра яго «хлуслівай» інфармацыяй. Скончыла сваю прамову словамі «мне вас шкада» на адрас Марыі Колесавай-Гудзілінай.

Пытанні адвакатцы Зайдэса задае Аксана Колб. Першая паводзіць сябе надта эмацыйна. Суддзя робіць заўвагу абодвум бакам. «Змаганне» ідзе вакол адной фразы з артыкула Дзяніса Івашына, у якой ідзе гаворка аб датычнасці Зайдэса да «Паедзем паядзім».

Яўгенія Патапава: «Так, мой давярыцель з'яўляецца ўдзельнікам ААТ «Квартал-МЗС», але не заснавальнікам».

Асноўны аргумент абароны Зайдэса, відаць, наступны: калі «Паедзем паядзім» стаіць не ў ахоўнай зоне Курапатаў, то інфармацыя ў артыкуле Івашына — непраўдзівая.

15.55. Выступае Марыя Колесава-Гудзіліна — адвакатка «НЧ». Апелюе да пастановы Пленума Вярхоўнага суда. Кажа, што дадзеныя, не датычныя пазоўніка асабіста, не з'яўляюцца абразлівымі і не шкодзяць дзелавой рэпутацыі. Падкрэслівае, што Зайдэс не звяртаўся ў «Новы Час» з просьбай абвергнуць дадзеныя, якія яго нібыта «ганьбяць». Хаця такое права прадугледжана законам. 

16.29. Аксана Колб падтрымала тлумачэнні Марыі Колесавай-Гудзілінай. І нагадала, што на працэсе не разглядаецца пытанне законнасці ці незаконнасці будоўлі ў Курапатах. Падкрэслівае: на момант, калі пазоўнік прымаў удзел у будаўніцтве, яно і было незаконным, — пра што і вядзецца гаворка ў артыкуле. Суддзя пытаецца Аксану Колб: ці незаконнае будаўніцтва ў Курапатах сёння? Аксана кажа, што як грамадзянін яна б адказала: незаконнае. І што, верагодна, у атрыманні дазволу ёсць карупцыйны складнік. Але цяпер, і з фармальнага пункту гледжання, — законнае.

17.18 У працэсе быў абвешчаны перапынак. Пасля перапынку слова меў Дзяніс Івашын. Галоўны тэзіс яго выступу: у артыкулах указаны персанальны пункт гледжання аўтара, часта скарыстоўваецца слова «меркавана». Як аўтар расследвання, ён мае права рабіць здагадкі. Патапава спрабуе аспрэчыць яго словы, просіць працытаваць артыкул.

17.32 Выступае абаронца Дзяніса Івашына Алег Агееў: «Ацэначнае суджэнне майго падабароннага аб незаконнасці будоўлі грунтуецца на высновах дзяржаўных органаў».

17.45 Суд перайшоў да вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы. Суддзя зачытвае пастановы, загады, даведкі і г.д.

18:20 Суд запрасіў лінгвістычную экспертызу першай спрэчнай фразы («Пазасталымі партнёрамі Аркадзя Ізраілевіча і Леаніда Зайдэса, датычнымі наўпрост да незаконнага будаўніцтва ў Курапатах, як было зазначана вышэй, з’яўляюцца кампаніі Lenthron Realty LLC i Bealcy Investments Ltd») у Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Эксперт усталяваў, што спрэчны зварот адносіцца да слова «партнёры». У якасці эксперта выступіў першы намеснік дырэктара Цэнтра па навуковай рабоце, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Аляксандр Лукашанец.

18:35 Прадстаўніца Зайдэса Яўгенія Патапава заявіла задайніцтва аб далучэнні да матэрыялаў справы шэрагу дакументаў. Пра большасць з іх ішла гутарка раней падчас пасяджэння. У тым ліку, даведка аб тым, што Зайдэс зʼяўляецца сузаснавальнікам ТАА «МАГ-2000».

Суд адмовіў у далучэнні ліста англійскай фірмы аб тым, што яны не хочуць супрацоўнічаць з Зайдэсам, бо няма натарыяльна завераннага пераклада.

Прадстаўніца Зайдэса хадайнічае аб правядзенні лінгвістычнай экспертызы, ці ўтрымліваецца інфармацыя аб датычнасці Зайдэса ў вышэйзгаданай спрэчнай фразе ці ва ўсім артыкуле.

Марыя Колесава-Гудзіліна супраць, бо лічыць ужо праведзеную экспертызу вычарпальнай. Звяртае ўвагу, што пазоўнік выходзіць за межы заяўленных патрабаванняў, просячы экспертызу ўсяго артыкула.

18:40 Звяртае ўвагу, што пазоўнік выходзіць за межы заяўленных патрабаванняў, просячы экспертызу ўсяго артыкула

Суд пайшоў раіцца на 10 хвілін Хадайніцтвы аб экспертызе адхілілі
19.20 Працяг суду адбудзецца заўтра, 28 снежня, а 10-й гадзіне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Грамадства: галоўнае

Больш цікавага на «Новым Часе»: