«Заклікаў блакаваць рух грамадскага транспарту». Жыхара Мінска адправілі ў калонію за пасты ў ТГ

Суд Заводскага раёна 21 верасня вынес прысуд па крымінальнай справе ў дачыненні да палітвязня Артура Хацько, якога вінавацяць у арганізацыі або актыўным ўдзеле у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ), распавядае «Вясна».

Справу разглядала суддзя Анжэла Касцюкевіч.

На першым судовым пасяджэнні, якое адбылося 17 верасня, былі агалошаныя матэрыялы судовага следства, з якіх вынікае, што, дзейнічаючы ў групе асоб па папярэдняй змове, у сетцы Інтэрнэт здзяйсняў дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак. А менавіта — якія пацягнулі за сабой парушэнне працы грамадскага транспарту.

Неаднаразова з 31 жніўня 2020 года па 31 красавіка 2021 года Хацько размяшчаў у чатах «Кіроўцы 97», «Ваенны гарадок Уручча» допісы з прапановамі блакавання руху транспарту, арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

Затрыманы 10 чэрвеня 2021 года.

Беларускай праваабарончай супольнасцю Артур Хацько прызнаны палітычным зняволеным.

Віну ў здзейсненым прызнаў і раскайваецца. Паведаміў суду, што публікацыі былі створаны не ім, проста рабіў рэпосты.

Суддзя дапытвае:

— Якую інфармацыю вы выкладвалі, калі самі дзейнічалі?

— Калі катаўся ў метро і бачыў праваахоўныя органы.

— Фота скідвалі?

— Так, каб людзі туды не хадзілі.

— Дабраахвотна, без прымусу давалі інфармацыю следству?

— Так.

Пры вывучэнні пісьмовых матэрыялаў справы прагучала, што ў чаце «Кіроўцы 97» была дадзена інструкцыя, як блакаваць дарогі.

Сярод інкрымінаваных абвінавачанаму заклікаў былі і такія:

«Трэба ў сваіх раёнах выходзіць з крытычнай масай і толькі потым выходзіць у цэнтр, апранацца па надвор'і»;

«Не плачце ад бяссілля, хлопчык у сорак трэцім ля такарнага станка не плакаў, калі б кожны зрабіў хоць бы 1 працэнт, то рэжыму крышка»;

«Калі вельмі захацець, то можна зрабіць так, што паўтэхнікі да пратэсту не даедзе»;

«Сігнал для рабочых будзе звальненне дырэктара, лепш усім разам 25-26 кастрычніка выходзіць на страйк».

20 верасня судовае пасяджэнне працягнулася. Былі разгледжаныя рэчавыя доказы, змесціва тэлефона, падпіскі на «дэструктыўныя каналы».

Высветлілася, што падчас ператрусу ў доме ў Хацько знайшлі гранату і страйкбольную зброю. На пытанне суддзі адказаў, што знайшоў у ваенным гарадку, ачысціў і пакінуў сабе ў якасці антуражу, бо займаецца страйкболам.

Падчас спрэчак пракурор сказаў, што абвінавачаны віну прызнаў у поўным аб’ёме. У адкрытым доступе ў інтэрнэце размяшчаў заклікі выходзіць на вуліцу і парушаць закон у змове з неўстаноўленымі асобамі, што прывяло да масавых беспарадкаў і парушэння працы грамадскага транспарту 13, 20, 23, 27 верасня, 4, 18, 25 кастрычніка і 1 лістапада.

Матэрыяльны пазоў «Мінсктранса» склаў 237 099 руб. 99 кап.

Абвінаваўца запытаў для Хацько два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

У апошнім слове Хацько папрасіў прабачэння перад тымі, каму нашкодзіў, абяцаў больш не ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах.

Жонка і маці плакалі, яны нават не думалі, што яму могуць запрасіць пазбаўленне волі, разлічвалі на «хімію».

Суддзя Касцюкевіч вынесла прысуд: два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Тэлефон як сродак здзяйснення злачынства канфіскаваць на карысць дзяржавы. Аўтамабіль пакінуць пад арыштам да  пагашэння пазову «Мінсктранса».

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: