Законапраект адносна БЧБ-сцяга накіраваны ў Палату прадстаўнікоў

Генпракуратура ўлічыла меркаванне людзей, якія патрабуюць прызнання экстрэмісцкім бел-чырвона-белага сцяга і іншай сімволікі. Ужо падрыхтаваны і накіраваны ў Палату прадстаўнікоў законапраект «аб змене законаў па супрацьдзеянні экстрэмізму». Такі адказ з ведамства атрымаў адзін з юрыстаў, якія жадаюць прыняць удзел у абмеркаванні ініцыятывы. Здымак адказу апублікаваў тэлеграм-канал JurFuck.

«У Генеральнай пракуратуры разгледжана ваша заява па пытанні ўдзелу грамадзян у ўдасканаленні заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Як паведамлялася вам раней, выкладзенае ў папярэднім звароце калектыўнае меркаванне аб недапушчальнасці прызнання бел-чырвона-белага сцяга экстрэмісцкай сімволікай Генеральнай пракуратурай прынятае да ведама і ўлічанае ў рамках мерапрыемстваў па ўдасканаленні заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму», — гаворыцца ў лісце.

Там таксама пазначана, што Генеральная пракуратура завяршыла працу над адпаведным законапраектам «аб змене законаў па пытаннях процідзеяння экстрэмізму»: ён накіраваны ў Падлату прадстаўнікў для ўзгаднення і наступнай дапрацоўкі.

Адзначым, што сапраўднасць дакумента не пацверджана — атрымаць каментар у Генпракуратуры TUT.BY не ўдалося.

Нагадаем, 29 студзеня стала вядома, што ў Генпракуратуру звярнуліся «неабыякавыя» беларусы з заявай, каб забаранілі БЧБ-сімволіку і прылічылі яе да экстрэмісцкай.

У цяперашнім заканадаўстве БЧБ-сцяг не адносіцца да забароненай сімволікі, што, зрэшты, не перашкаджае судам штрафаваць і выносіць «суткі» нібыта за парушэнне заканадаўства аб масавых акцыях. БЧБ-сцяг у акне ці пафарбаваны дом у тых жа танах прыраўноўваюцца да пікетавання.

Раней неаднаразова пра БЧБ-сцяг выказваўся Аляксандр Лукашэнка: называў яго «фашысцкай сімволікай» і заяўляў, што не мае намеру трываць яе ў Мінску (гэтая заява зробленая ў лістападзе мінулага года), а таксама казаў пра немагчымасць гераізацыі нацызму «ў краіне, якая страціла кожнага трэцяга свайго грамадзяніна», а «захоплена маршыруючымі з БЧБ-сцягамі і партрэтамі фюрэра» бачылі ў нямецкай кінахроніцы (заява зробленая ў канцы снежня).

Між тым прыхільнікамі БЧБ-сцягамі лічаць сябе не толькі многія беларусы (ліст супраць ініцыятывы па прызнанні нацыянальнага сцяга экстрэмісцкім падпісалі больш за 100 тысяч чалавек) — імі былі і застаюцца многія інтэллектуалы Беларусі. У прыватнасці, пісьменнікі-франтавікі Васіль Быкаў і Алесь Адамовіч, якія бачылі вайну на свае вочы, ваявалі з фашыстамі, потым пісалі аб вайне і лічылі БЧБ-сцяг сваім сцягам.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: