Залаты медаль чэмпіянату свету Герасіменя прадала на аўкцыёне за 16 100 долараў

Прызёрка Алімпійскіх гульняў, чэмпіёнка свету і Еўропы па плаванні і кіраўніца Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандра Герасіменя прадала на інтэрнэт-аўкцыёне eBay залаты медаль чэмпіянату свету 2012 года ў Турцыі. У фінальным заплыве на 50 метраў вольным стылем Аляксандра перамагла з вынікам 23,64 секунды, усталяваўшы тады новы нацыянальны рэкорд.

Стартавая цана лота была 3000 долараў, аднак за час таргоў яна паднялася да 16 100, распавядае TUT.BY.

Выстаўляючы медаль на продаж, спартсменка патлумачыла, што хоча падтрымаць гэтым аўкцыёнам усіх беларусаў і зарадзіць іх абсалютнай упэўненасцю ў перамозе, і падзялілася гісторыяй атрыманага ў 2012 годзе медаля.

«Пасля двух срэбных медалёў на Алімпійскіх гульнях мяне перапаўняла злосць, таму што я ведала, што здольная на большае. Матывацыя да перамогі на чэмпіянаце свету была неверагоднай. Я прыляцела ў Турцыю з 200%-й упэўненасцю ў сваёй перамозе, бо была ў выдатнай фізічнай форме. Перад заплывам я не адчувала ні страху, ні хвалявання, я проста жартавала і ўсміхалася, а праз хвіліну пабіла свой асабісты рэкорд, абышла сваіх канкурэнтаў і атрымала мянушку "Ракета".

Чорная стужка, прымацаваная да медаля, як мне здаецца, сімвалізуе ўсіх ахвяр і палітычных зняволеных у Беларусі», — распавяла Аляксандра Герасіменя.

Сродкі ад продажу лота яна плануе пералічыць у Беларускі фонд спартыўнай салідарнасці.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: