«Залез на дрэва і крычаў «Жыве Беларусь!». На Іларыёна Трусава склалі новы пратакол

На непаўнагадовага актывіста Іларыёна Трусава склалі пратакол па артыкуле 17.1 КаАП («дробнае хуліганства»). Як паведаміў сам хлопец, выпадак, пра які ідзе гутарка ў пратаколе, адбыўся яшчэ 31 траўня.

На Іларыёна Трусава 1 жніўня склалі пратакол за “дробнае хуліганства”.

"31.05.19 у 19:50 Трусаў І.А, знаходзячыся ў грамадскім месцы блізу вул. Любімава г. Мінск, наўмысна залазіў на дрэва, намагаўся вывесіць сцяг з выявай "Пагоні", гучна крычаў "Жыве Беларусь!", на заўвагі не рэагаваў, то-бок учыніў наўмыснае дзеянне, парушаючае грамадскі парадак і спакой грамадзянаў, і праявіў знявагу да грамадства", — напісана ў пратаколе.

Па словах Іларыёна, амаль усё напісанае — хлусня. Так, ён сапраўды залазіў на дрэва, аднак злез адтуль па першым патрабаванні міліцыі. Сцяг знаходзіўся ў яго заплечніку, аднак думак, каб яго вывесіць, у хлопца не было. Таксама ён кажа, што не крычаў “Жыве Беларусь!”.

Іларыён мае намер абскардзіць складзены з відавочнымі памылкамі пратакол.

Гэта ўжо шосты адміністрацыйны пратакол, складзены на Іларыёна з пачатку 2019 года (за выключэннем пратаколаў ад ДАІ за варту ў Курапатах). Усе пяць папярэдніх датычыліся рэалізацыі права на свабоду мірных сходаў. Тры разы адміністрацыйныя справы разглядала камісія па справах непаўнагадовых і ў выніку выносіла папярэджанні. Адзін раз штраф у 50 базавых (1275 рублёў) атрымалі бацькі Іларыёна пасля яго ўдзелу ў малебне за Курапаты.

spring96.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!