Жамчужны чакае...

Нарэшце прыйшоў ліст ад вязня сумлення і палітвязня Міхаіла Жамчужнага.


Міхаіл з 29 ліпеня па 29 жніўня знаходзіўся ў «летнім адпачынку» (калі так можна назваць знаходжанне ў ПКТ — памяшканні камернага тыпу). Да гэтага 70 сутак Жамчужны правёў у штрафным ізалятары. Па той жа фармальнай прычыне — «за адмову перайсці ў атрад». Там, паводле яго інфармацыі, знаходзяцца асуджаныя з нізкім сацыяльным статусам, і зносіны з імі непазбежна перавядуць яго ў гэтае турэмнае саслоўе.

Зараз рэкорд Жамчужнага — 470 сутак ШІЗА (з ліпеня 2017 года, калі ён быў пераведзены ў ПК-9 г. Горкі Магілёўскай вобласці).

Для даведкі: згодна з Правіламі ўнутранага распарадку папраўчых устаноў, зацверджаных пастановай МУС ад 20 кастрычніка 2000 года (з улікам змяненняў і дапаўненняў ад 30 снежня 2016 года), тым, хто адбывае пакаранне ў ШІЗА, забараняюцца прагулкі, чытанне, лісты, заняткі спортам. Асуджаным не дазваляецца браць з сабой ежу і асабістыя рэчы, за выключэннем рушніка і туалетных прыналежнасцяў. Асуджаныя вымушаныя спаць на нарах, якія адшпільваюцца ад сцяны на час адбою. Тэмпературны рэжым у камеры нізкі, што прымушае асуджаных некалькі разоў за ноч уставаць і рабіць зарадку. ПУР абмяжоўваюць знаходжанне ў ШІЗА дзесяццю суткамі. Тым не менш, да асобаў, якія парушаюць устаноўлены парадак адбыцця пакарання, прымяняюцца меры спагнання, прадугледжаныя артыкулам 112 КВК, у тым ліку і паўторнае змяшчэнне ў ШІЗА.

Чаму Жамчужнага так прэсуюць? І гэта — у 64 гады?

На мой погляд, час беларускім праваабаронцам падумаць аб вылучэнні Жамчужнага на міжнародную прэмію ў галіне правоў чалавека. Бо ён на працягу больш чым двух гадоў не здаецца на літасць адміністрацыі калоніі, і ўсе спагнанні абскарджвае ў судзе як незаконныя.

Ён піша, што яго лісты падвяргаюцца дбайнай праверцы. Так, за дзесяць дзён у жніўні з чатырох адпраўленняў з калоніі «выйшла» толькі адно. Лісты на адрас Вольгі Нікалайчык, Мікалая Дзядка, Леаніда Свеціка былі канфіскаваныя па акце з фармулёўкай «за цынізм». Акрамя таго, у яго канфіскавалі ліст з Вашынгтона, у якім ён быў праінфармаваны аб узнагароджанні яго юбілейным медалём «100 гадоў БНР» і запрашэннем на сустрэчу для атрымання ўзнагароды.

Цяпер Жамчужны збянтэжаны: як гэты медаль атрымаць? Ён мае намер падрыхтаваць даверанасць на імя Вольгі Нікалайчык і адправіць яе ў далёкі Манрэаль. Але, зноў жа, патрэбныя грошы на пералёт, якіх ні ў Жамчужнага, ні ў Нікалайчык няма.

І яшчэ адна неверагодная навіна ад палітвязня: за час свайго зняволення ён падрыхтаваў манаграфію па плазменнай апрацоўцы металаў і сплаваў. Ён марыць яе выдаць і прадставіць на Нобелеўскую прэмію як буйное дасягненне ў тэхніцы. І гэта — не жарт. З дапамогай гэтых звышмоцных металаў ён плануе стварыць лятальныя апараты тыпу «талерак» (па прынцыпе, як ляціць чмель).

Так што Міхаіл Жамчужны не здаецца і просіць яго не забываць. Наперадзе (зразумелая справа, на волі) у яго шмат планаў, у тым ліку паездка ў Манрэаль і рашэнне праблемы асабістага статусу.

Хочацца пажадаць вязню хутчэйшага вызвалення ад турэмных кайданоў і здзяйснення ўсіх яго мараў.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!