Жамчужны скардзіцца ў пракуратуру: 33 ягоныя лісты не выйшлі з калоніі

Поўная ізаляцыя, якая створаная адміністрацый калоніі №9 г. Горкі ў адносінах да Міхаіла Жамчужнага, нарэшце прарваная: ліст ад палітвязня атрымала праваабаронца Таццяна Рэвяка.


Як стала вядома з ліста, Міхаіл Жамчужны з 10 красавіка, калі ён быў змешчаны ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ), накіраваў сваім калегам, сябрам і знаёмым 33 лісты. Адносна чатырох лістоў палітвязню прапанавалі азнаёміцца з актамі аб іх знішчэнні, паколькі яны “ўтрымлівалі жаргон, цынізм і службовую інфармацыю”. Астатнія лісты, верагодней за ўсё, не выйшлі з калоніі па невядомых зняволенаму прычынах.

Пасля таго, як Міхаіл Жамчужны даведаўся, што ягоныя лісты многія адрасаты не атрымліваюць, 18 траўня ён накіраваў скаргу ў пракуратуру Магілёўскай вобласці на стварэнне перашкодаў у перапісцы.

Палітвязень адзначае, што праблемы з перапіскай закранулі і дакументаабарот з судамі: двойчы ягоныя дадаткі да матэрыялаў касацыйных скаргаў прыходзілі ў суды ўжо пасля таго, як адбыліся пасяджэнні.

Міхаіл Жамчужны паведаміў, што 14 траўня яго наведаў пракурор Магілёўскай вобласці, які разглядае ягоную скаргу на збіццё ў санчастцы і харчовае атручванне. Па словах зняволенага, страчаныя вынікі рэнтгенаскапіі, якая была праведзена пасля звароту ў санчастку пасля атручвання, былі па ініцыятыве дактароў паўтораныя і пацвердзілі факт пашкоджання страўніка.

Дактары параілі Міхаілу Жамчужнаму напісаць заяву на дыету і “дробна харчавацца”. Палітвязня хвалюе, што ўжо тры месяцы яму не дазваляюць набыць за свой кошт вітаміны — на тры заявы з гэтай нагоды да начальніка калоніі ён не атрымаў ніводнага адказу.

Палітвязень, нягледзячы на расчараванне ад наведвання калоніі назіральнымі камісіямі ў сакавіку, намераны зноў — ужо асабіста — звярнуцца ў грамадскую назіральную камісію пры галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама і Рэспубліканскую камісію, каб яны наведалі калонію і сустрэліся з ім дзеля высвятлення абставінаў цяжкіх умоваў утрымання.

Па словах праваабаронцы Таццяны Рэвякі, адказу на сваю скаргу адносна стварэння перашкодаў у ліставанні, ад адміністрацыі калоніі яна пакуль не атрымала.

spring96.org




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: