Замест палавога выхавання — урокі АБЖ?

Беларусы напісалі петыцыю, у якой папрасілі ўлады ўвесці курс палавога выхавання ў абавязковую школьную праграму. Яе накіравалі ў Міністэрства аховы здароўя і Міністэрства адукацыі Беларусі. Згодна з адказам з апошняга ведамства, падлеткам хопіць асноваў бяспекі жыццядзейнасці (АБЖ).


Петыцыю адправілі яшчэ 6 сакавіка 2019 года. У ёй беларусы абурыліся ўмяшаннем дзяржорганаў у палавое жыццё дзяўчынак-падлеткаў. Яны прапанавалі альтэрнатыву: пайсці за прыкладам замежных практык і ўвесці навучальную праграму для вучняў школ. Яны слушна палічылі, што гэта разбурыць «інфармацыйны вакуум», якія ствараюць кансерватыўныя сем'і. Больш за тое, немагчымасць абмеркавання «сэксуальных» пытанняў становіцца прычынай высокага ўзроўня падлеткавай цяжарнасці і венерычных захворванняў.

Падпісанты петыцыі запатрабавалі абавязаць медперсанал захоўваць медыцынскую таямніцу і не прыцягваць МУС, увесці абавязковую школьную праграму па палавому здароўю для вучняў 5-7 класаў, прадаставіць падлеткам доступ да медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі бясплатна і ананімна. Зварот падпісалі 127 чалавек.

Адказ на петыцыю падпісала намеснік міністра адукацыі Раіса Сідарэнка. У Міністэрстве адукацыі палічылі, што школьнікам і так адказваюць на пытанні аб палавым выхаванні — на ўроках АБЖ. У пятым класе ў раздзеле «Здаровы лад жыцця» ім тлумачаць, што такое асабістая гігіена і гігіена харчавання. У сёмым жа класе ў раздзеле «Асабістая бяспека» падлеткам выкладаюць, як паводзіць сябе з незнаёмымі людзьмі на вуліцы, у транспарце, у ліфце і парку. У раздзеле «Навакольнае асяроддзе і бяспека» дзеці даведаюцца, што рабіць у крымінагенных месцах і пры канфліктах. Больш за тое, масу інфармацыі школьнікі атрымліваюць з факультатываў:

факультатыў «Мы самі» для 5-8 класаў, накіраваны на фарміраванне «жыццёвай стойкасці да сацыяльна неспрыяльных фактараў», «каштоўнасных адносін да здароўя» свайго і іншых, «кіравання сваім эмацыйным станам», «пераадолення крызісных сітуацый», «адмова» ад прымянення алкаголю, наркотыкаў, нікаціну, а таксама да «станоўчага мыслення» і «камунікацыйнай кампетэнцыі»;
факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры» для 1-4 і 5-9 класаў, накіраваны на «духоўна-маральнае выхаванне на праваслаўных традыцыях беларускага народа», «развіццё самастойнасці і асабістай адказнасці за свае ўчынкі на аснове ўяўлення аб запаведзі, маральных нормах і правілах».
класныя гадзіны, сустрэчы з медыкамі і праваахоўнікамі, а таксама індывідуальная праца з педагогам-псіхолагам.

Сідарэнка таксама падкрэсліла, што меркаванні бацькоў наконт пытання палавога выхавання — супярэчлівыя.

Паводле kyky.org

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: