Замест турцэнтру каля полацкай Сафіі — кадэцкая вучэльня

З так званага «бальнічнага гарадка» каля Сафійскага сабору ў 2012-м годзе былі тэрмінова выселены медычныя ўстановы. Меркавалася, што ў адрэстаўраваных памяшканнях размесціцца турыстычна-культурніцкі цэнтр.



Праўда, за 6 гадоў мясцовыя ўлады так і не знайшлі сродкаў на ўвасабленне гэтай ідэі. Але як толькі прагучала прапанова размясціць тут кадэцкую вучэльню, яе адразу ж уключылі ў інвестыцыйную праграму.

І за 2 апошнія гады на будаўніцтва выдаткавана 2 мільёны рублёў. Праца на тэрыторыі былога Верхняга замку ідзе поўных ходам — тут ва ўсю руйнуюць бальнічныя карпусы, кажа краязнаўца Міхась Баўтовіч:

— Працы ў гістарычнай зоне павінны папярэднічаць археалагічныя пошукі. Але яны не праводзіліся. Дырэктар “Полацксельбуду” казаў пра тое, што 23 тысячы кубаметраў глебы трэба замяніць. Яны выкінуць іх у адвалы, і потым ніхто не разбярэцца, што ж каштоўнага ў гэтых адвалах ёсць!

Кадэцкую вучэльню хочуць размясціць за якія 15–20 метраў ад вядомай славутасці — Сафійскага сабору. Тэрыторыя былога Верхняга замку застанецца недасягальнай для турыстаў: за высокім плотам на плошчы 2 гектары абсталююць цэнтр вайсковай падрыхтоўкі, страявы пляц і стадыён.

Частку будынкаў знясуць, у астатніх размесцяцца казарма, харчовы блок, навучальны корпус і музей гісторыі кадэцкага руху. Курыруе будаўніцтва асабіста міністр адукацыі Ігар Карпенка, ён жа — адзін з лідараў Камуністычнай партыі Беларусі, падкрэслівае краязнаўца:

Мне падаецца непрыгожым аднаўляць, як міністр адукацыі кажа, “кадэцкі корпус”. Бо кадэцкія карпусы чаму ствараліся? У часы пашырэння расійскай імперыі была вялікая патрэба ў вайсковых кадрах. І гэта вайсковыя катэгорыі — полк, дывізія, корпус… Але для камуніста Карпенкі гэта, напэўна, бліжэй, і па душы яму.

У 1835 годзе ў Полацку насамрэч быў заснавана кадэцкі корпус: кадэты размясцілася ў былых памяшканнях езуіцкага калегіуму і езуіцкай акадэміі, вядомых цэнтраў еўрапейскай адукацыі. Найбагацейшыя музей і бібліятэка былі разрабаваныя, і 400 выхаванцаў-кадэтаў пад кіраўніцтвам расійскіх афіцэраў пачалі вывучаць вайсковыя дысцыпліны…

Існуе кадэцкая вучэльня і цяпер — у былой полацкай сярэдняй школе №4, дзе вучацца каля 230-ці кадэтаў. Колькасць навучэнцаў хочуць павялічыць, абсталяваўшы для падлеткаў з усяго рэгіёну інтэрнат-казарму паблізу ад Сафійскага сабору.



Ганна Ліпка, Беларускае Радыё Рацыя


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: