
Памежны камітэт даў разгорнуты адказ, дзе патлумачыў, што кантраляваныя рэчывы, такія, напрыклад, як амфетамін і канабіс, можна правозіць на тэрыторыю Беларусі ў выглядзе лекавых сродкаў для асабістага прымянення па медыцынскіх паказаннях, пры наяўнасці пацвярджаючых дакументаў з пазначэннем назвы і колькасці прэпарату. Пераклад дакументаў павінен быць натарыяльна завераны. Такімі дакументамі могуць з’яўляцца выпіска з медыцынскай дакументацыі пацыента ці рацэпт доктара. Дапускаецца ўвоз наркатычных сродкаў у колькасці, якая не перавышае тыднёвую патрэбу, а псіхатропных рэчываў — не больш за 90 разавых дозаў. Пры ўвозе такіх рэчываў неабходна будзе запоўніць пасажырскую мытную дэкларацыю.
У адказе Міністэрства ўнутраных справаў пазначана, што «для правядзення II Еўрапейскіх гульняў прынятыя ўсе неабходныя меры па аналогіі з чэмпіянатам свету па футболе 2018 году».
У той жа час, Міністэрства аховы здароўя ў сваім адказе падкрэсліла, што яно «ніколі не падтрымлівала ідэю выкарыстання канабісу, прэпаратаў на яго аснове і амфетаміну ў медыцынскіх мэтах і не плануе іх легалізацыю шляхам унясення зменаў у Рэспубліканскі пералік».