Замежную тэлерэкламу заменяць на сацыяльныя ролікі

Старшыня Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька прыдумаў, што зрабіць з замежнай рэкламай на тэлеканалах у Беларусі, перадае БЕЛТА.
— Прапанова складаецца ў наступным. Калі замежнае СМІ транслюе ў нас свае перадачы без права паказваць рэкламу, то добрасумленнае СМІ і кабельныя аператары абавязаныя яе выразаць. Мяне абурае заўсёды, калі праглядаю кабельныя каналы, што там даволі часта сустракаецца рэклама замежных вытворцаў. Па дадзеным законапраекце будзе дазволена сацыяльная рэклама, то бок сацыяльныя ролікі, устаўленыя ўжо беларускім аператарам у гэты кантэнт, — сказаў Генадзь Давыдзька.

Як дадаў старшыня Пастаяннай камісіі па жыллёвай палітыцы і будаўніцтве Віктар Нікалайкін, камерцыйная рэклама на замежных ТБ-каналах, якія трансліруюцца ў Беларусі, нярэдка выклікае нараканні ў грамадзян.

— Мы часта бачым камерцыйную рэкламу прадукцыі іншых краін. Людзі кажуць: навошта мне гэта? Я хачу ведаць, якія акцыі праводзяць нашы вытворцы і гэтак далей. Рэклама павінна быць актуальная для нашай аўдыторыі і ўспрымацца гледачом.

Праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях рэкламы» рыхтуецца да разгляду ў другім чытанні на вясновай сесіі Палаты прадстаўнікоў.

У 2004 годзе Аляксандр Лукашэнка ехаў па цяперашняму праспекце Незалежнасці і звярнуў увагу, што на рэкламе гадзіннікаў намаляваная амерыканская супермадэль Сіндзі Кроўфард. Лукашэнка зрабіў разнос тагачаснаму мэру сталіцы Міхаілу Паўлаву:

— Каб у Паўлава не віселі гэтыя францужанкі з завэдзганымі тварамі на кожным перакрыжаванні, нават там, дзе прэзідэнт ездзіць, павывешвалі невядома чаго. Сваіх туды фатаграфуйце і хай рэкламуюць гадзіннікі нашага прадпрыемства. А імпартныя гадзіннікі няхай плацяць нашым дзяўчатам. І пачынайце гэта ўжо заўтра рабіць.

Рэкламу гадзіннікаў з Сіндзі Кроўфард, якая трапілася на вочы Лукашэнку і яго картэжу, знялі. Наўзамен павесілі сацыяльную рэкламу з табуном коней і з гэтага часу дазволілі ў рэкламе для беларускіх прадуктаў выкарыстоўваць фота толькі беларускіх грамадзян. Адмянілі гэтую дзіўную забарону толькі ў кастрычніку 2019-га года.

the-village.me

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: