Замест Крыму — Балгарыя, Херсон і Азоўскае мора

Беларуская чыгунка ўводзіць на летні перыяд новыя маршруты ў міжнародных зносінах.



Як паведамілі ў прэс-службе чыгункі, у летні сезон адпачынкаў 2015 года магістраль запускае новыя маршруты ў напрамку папулярных марскіх курортаў Чорнага і Азоўскага мораў, а таксама ў зносінах з Санкт-Пецярбургам і Вільнюсам.

З 17 чэрвеня па 9 верасня прызначаны цягнік міжнародных ліній № 374/373 Мінск — Варна (Балгарыя). З Мінска ён будзе адпраўляцца па серадах у 13.18 і прыбываць у Варну па пятніцах у 10.15. У зваротным напрамку з Варны цягнік адпраўляецца па пятніцах у 19.15 і прыбывае ў сталіцу па нядзелях у 16.59. Час у дарозе — 45 гадзін. Дзеці да чатырох гадоў перавозяцца бясплатна. Кошт праезду для дзяцей ад 4 да 12 гадоў — ад 101 еўра, для дарослых — 135 еўра.

З 15 чэрвеня па 31 жніўня прызначаны цягнік міжнародных ліній № 284/283 Баранавічы — Мінск — Херсон. Састаў будзе адпраўляцца з Баранавіч па няцотных днях, з Херсона — па цотных. Час адпраўлення са станцыі Баранавічы-Палескія — 11.11, са станцыі Мінск-Пасажырскі — 13.47, прыбыццё ў Херсон — у 12.52 наступных сутак. У зваротным напрамку цягнік будзе адпраўляцца з Херсона ў 15.20 і прыбываць у 13.39 у Мінск, а ў 16.24 — у Баранавічы.

З 1 чэрвеня па 1 верасня працягнуты маршрут цягніка № 100/99 Мінск — Запарожжа да станцыі Новааляксееўка, што дазволіць пасажырам даехаць да курортаў Азоўскага мора. З Мінска цягнік будзе адпраўляцца па няцотных днях, з Новааляксееўкі — па цотных. Час адпраўлення цягніка са сталіцы Беларусі — 7.44, прыбыцця ў Новааляксееўку — 9.06 наступных сутак. У зваротным напрамку цягнік будзе адпраўляцца з Новааляксееўкі ў 23.01 і прыбываць у Мінск у 0.08.

З 6 чэрвеня прызначаны цягнік міжнародных ліній № 816/815 Гродна — Ліда — Вільнюс у складзе трохвагоннага дызель-цягніка з месцамі для сядзення. Новы цягнік будзе перавозіць пасажыраў па суботах і нядзелях. Час адпраўлення з Гродна — 5.44, з Ліды — 7.41, прыбыцця ў Вільнюс — 10.15. У зваротным напрамку састаў будзе адпраўляцца з Вільнюса ў 17.26 і прыбываць у Ліду ў 19.57, у Гродна — у 21.51. Адлегласць ад Гродна да Вільнюса цягнік пераадолее за 4 гадзіны 30 хвілін. У дарозе прадугледжаныя тры прыпынкі — у Мастах, Лідзе і Беняконях.

З 20 чэрвеня прызначаны цягнік міжнародных ліній № 50/49 Брэст — Санкт-Пецярбург. Састаў будзе курсаваць штодзённа: з Брэста — з 20 чэрвеня па 15 верасня, з Санкт-Пецярбурга — з 21 чэрвеня па 16 верасня. З Брэста цягнік будзе адпраўляцца ў 14.05 і прыбываць у Санкт-Пецярбург у 8.53 наступнага дня. Час адпраўлення з Санкт-Пецярбурга — у 14.05, прыбыцця ў Брэст — у 8.28 наступнага дня.

Акрамя таго, з 7 па 15 ліпеня з Мінска будзе штодзённа адпраўляцца цягнік міжрэгіянальных ліній № 644/643 Мінск — Віцебск, прызначаны на час правядзення ХХIV Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Цягнік міжрэгіянальных ліній будзе адпраўляцца са станцыі Мінск-Пасажырскі ў 12.48 і прыбываць у Віцебск у 16.25. Беларуская чыгунка таксама прадугледзела зручны графік руху ў зваротным напрамку. Паглядзеўшы канцэрт, госці «Славянскага базару» на гэтым жа цягніку змогуць выехаць з Віцебска ноччу ў 1.40 і быць у сталіцы раніцай у 5.28.

БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: