Жанчына, якая абылгала Тамару Сяргей, можа патрапіць пад пераслед

Не выключаны крымінальны пераслед грамадзянкі Тарасавай, якая ўзвяла паклёп на праваабаронцу Тамару Сяргей.

Тамара Сяргей (у цэнтры) сярод актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры


Нагадаем, што 6 лістапада 2015 года — у дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі — Тамара Сяргей была затрыманая на чыгуначным вакзале Мінска падчас сустрэчы з актывістамі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры, каб разам паехаць да Палаца незалежнасці, дзе павінна была адбыцца цырымонія інаўгурацыі.

Супрацоўнік Мінскага аддзела ўнутраных справаў на транспарце, падпалкоўнік Сяргей Гаркавы ў прысутнасці старшага прапаршчыка Сяргея Махнача затрымаў юрыстку па абвінавачванні грамадзянкі Тарасавай у тым, што Тамара Сяргей адкрыта скрала ў гэтай жанчыны 300 долараў ЗША.  

Больш за год юрыстка дамагаецца пакарання Сяргея Гаркавага і Сяргея Махнача, а таксама крымінальнага пераследу грамадзянкі Тарасавай, дзеянні якіх Тамара Сяргей лічыць правакацыйнымі.

Так, у сваёй заяве ў Міністэрства ўнутраных справаў аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць грамадзянкі Тарасавай праваабаронца падкрэсліла, што на яе быў узведзены паклёп у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, за якое арт. 206 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжана пакаранне да 13 гадоў зняволення.  

Тамара Сяргей (у цэнтры) сярод актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры


Згодна пастанове Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінгарвыканкаму, зацверджанай начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі, палкоўнікам міліцыі Іванам Кубраковым, грамадзянка Тарасава пасля таго, як дала тлумачэнні, была адпушчаная з міліцэйскага пастарунку і, “згодна даведцы адрасна-даведачнага бюро, у Рэспубліцы Беларусь не значыцца”. З гэтых абставінаў Тамары Сяргей было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць грамадзянкі Тарасавай.

У сваёй скарзе на імя пракурора сталіцы юрыстка ўзгадала, што яе затрымалі, абшукалі і агледзелі рэчы па заяве нявызначанай асобы.  “Усё гэта сведчыць пра парушэнні заканадаўства Беларусі. І за гэтыя дзеянні супрацоўнікі міліцыі і грамадзянка Тарасава павінны несці адказнасць. Таму што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь гарантуе кожнаму грамадзяніну недатыкальнасць асобы”, — падкрэсліла Тамара Сяргей.  

У адказ на яе скаргу пракуратура горада Мінска адмяніла пастанову Галоўнага ўпраўлення ўнутраных справаў Мінгарвыканкама “з-за непаўнаты праведзенай праверкі і неабходнасці даследавання доказаў”.  

   



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: