Жанчыне, якую міліцыянт ударыў кулаком у твар, пагражаюць затрыманнем

Жодзінскі маёр міліцыі, які ўдарыў жанчыну ў твар, апазнаны. Але саму пацярпелую могуць затрымаць! 



У ГАУС, куды жанчына прыйшла са сваім адвакатам, паказалі відэа, зробленае падчас з масавых мерапрыемстваў, у якіх яна нібыта брала ўдзел, паведамляе ex-press.by.

Маёр міліцыі, які 13 верасня ў Жодзіне ўдарыў у твар жанчыну так моцна, што яна звалілася на асфальт, апазнаны. У гарадскім Следчым камітэце прынялі заяву пацярпелай пра здзейсненае злачынства.

Увечары 13 верасня жыхарка Жодзіна, якую падчас мірнага шэсця ўдарыў міліцыянт, разам са сваім адвакатам Марыяй Колесавай-Гудзілінай прыехала ў Жодзінскі гарадскі аддзел Следчага камітэта.

У аддзеле Следчага камітэта прынялі заяву пра злачынства і выдалі пацярпелай накіраванне на экспертызу. Супрацоўнік міліцыі, які ўдарыў жанчыну ў твар, апазнаны.


Калі жанчына выходзіла з будынка ГАУС, яе спыніў начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Дзмітрый Кракоўскі. Ён паказаў ёй відэа, зробленае падчас масавых пратэстаў, у якіх яна нібыта брала ўдзел. Міліцыянт узяў з жанчыны тлумачэнне — і пасля гэтага абяцаў, што калі будзе складзены пратакол, то, магчыма, яна будзе затрыманая.

Сяброўка пацярпелай, якая ў той момант знаходзілася побач з жанчынай, распавяла пра здарэнне tut.by:

— Яна да гэтага часу ў шоку. Кажа: "Гэта ж міліцыя, як я магла іх баяцца?" Яна стаяла з плакацікам, на якім былі намаляваныя тры балаклавы перакрэсленыя і надпіс "Не краіна для маіх дзяцей". Яна проста падыходзіла да міліцыянтаў і здымала на тэлефон, паказвала намаляваную маску, нічога нават не кажучы ў іх адрас —  распавядае сяброўка пацярпелай. — У нейкі момант яе ўдарыў адзін міліцыянт, ды з такой сілай, што ў яе ногі адарваліся ад зямлі. Астатнія міліцыянты не нападалі на людзей і не дапамагалі гэтаму чалавеку, які ўдарыў маю сяброўку.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: