Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Жанна Пцічкіна не атрымала ад МУС ні рубля кампенсацыі — грошай на гэта няма

Судовае рашэнне ўступіла ў сілу 25 мая, аднак дагэтуль маці і сястра Пцічкіна не атрымалі ніводнага рубля кампенсацыі. 

Жанна і Ірына Пцічкіна. Фота: БелаПАН.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі звярнулася за тлумачэннямі ў суд Заводскага раёна Мінска наконт выканання судовага рашэння па справе аб кампенсацыі маральнай і матэрыяльнай шкоды ў справе сям’і Ігара Пцічкіна, які загінуў у СІЗА № 1.

Нагадаем, суд Заводскага раёна 23 сакавіка пастанавіў спагнаць з Міністэрства ўнутраных спраў 30 тысяч рублёў маральнай і яшчэ 6 тысяч рублёў матэрыяльнай кампенсацыі на карысць маці і сястры загінулага ў СІЗА Ігара Пцічкіна.

Аднак МУС палічыў, што, па-першае, сума завышаная, па-другое, яе мусіць сплочваць Міністэрства фінансаў, і зыходзячы з гэтага міліцэйскае ведамства звярнулася з касацыйнай скаргай у Мінскі гарадскі суд. Касацыйную скаргу Мінгарсуд разгледзеў 25 мая і пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без зменаў, за выключэннем аднаго пункту — з МУС не будзе спаганяцца дзяржаўны збор за разгляд справы ў судзе.

Судовае рашэнне ўступіла ў сілу 25 мая, аднак дагэтуль маці і сястра Пцічкіна не атрымалі ніводнага рубля кампенсацыі. МУС па-ранейшаму выкарыстоўвае розныя зачэпкі, каб выкараскацца сухімі з вады і адмовіцца ад выплаты кампенсацыі.

Таму і звярнуліся ягоныя прадстаўнікі ў суд Заводскага раёна з заявай аб растлумачэнні судовага рашэння: маўляў, Міністэрства ўнутраных спраў — бюджэтная арганізацыя і парадку выплаты кампенсацый не прадугледжана.

“Планам рахункаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь не прадугледжаныя выплаты на выкананні рашэнняў судоў у частцы пакрыцця грамадзянам прычыненай шкоды. Адпаведнага бюджэтнага фінансавання міністэрства не атрымлівае", — паведамляецца ў лісце МУС.

З гэтай нагоды Жана Пцічкіна звярнулася ў Праваабарончы цэнтр “Вясна”, каб з дапамогай праваабаронцаў паспрабаваць вырашыць праблемную сітуацыю і прымусіць міліцэйскае ведамства выканаць абавязальніцтвы, ускладзеныя на яго ў судовым парадку.

Нагадаем, жыхар Мінска Ігар Пцічкін памёр 4 жніўня 2013 года праз некалькі дзён адсідкі на «Валадарцы», дзе адбываў 3 месяцы арышту за тое, што кіраваў аўтамабілем, не маючы правоў. У медчастцы ўстановы да яго былі ўжытыя «меры фізічнага стрымлівання ў выглядзе фіксацыі рамянямі». У такім стане Пцічкін знаходзіўся больш за 20 гадзін да моманту смерці. Адміністрацыя ізалятара заявіла, што малады чалавек памёр ад сардэчнай хваробы, але сваякі выявілі на целе сінякі і сляды пашкоджанняў.

 spring96.org



Каментаваць