Заплаці і пратэстуй, каб ніхто не бачыў

Напрыканцы студзеня набылі моц змены ў закон «Аб масавых мерапрыемствах», а гэта значыць, што ўжо сем месяцаў беларусы пратэстуюць па новых правілах. Але ці сталі людзі больш свабодна выказваць сваё меркаванне?

Мітынг-канцэрт на «Дзень Волі» ў Кіеўскім скверы 24 сакавіка 2019 года. Фота ПЦ «Вясна»


Што змянілася і як было раней?

Цяпер закон «Аб масавых мерапрыемствах» прадугледжвае паведамляльны парадак правядзення статычных мірных сходаў (на шэсце, як і раней, трэба браць дазвол) у заканадаўча вызначаных месцах.

Раней, каб правесці мерапрыемства нават у дазволеным месцы, трэба было падаваць заяву ў выканкам і чакаць адказу: дазволяць мерапрыемства ці не. Падстаў, каб адмовіць заяўнікам, знаходзілася шмат, прычым самых розных. Зараз трэба не пазней чым за 10 дзён паведаміць пра жаданне правесці акцыю. Праўда, улады ўсё роўна могуць яе забараніць па дзвюх прычынах: калі заяўка складзеная неналежным чынам, або калі нехта ўжо заявіў мерапрыемства ў гэтым месцы ў той жа час. Дарэчы, адмовіць па другой прычыне амаль немагчыма, улічваючы, наколькі бязлюдныя дазволеныя месцы. Напрыклад, у Мінску зараз існуе шэсць пляцовак, дзе можна зладзіць акцыю, не пытаючыся дазволу. Усё гэта — скверы і паркі, што знаходзяцца далёка ад цэнтру горада, і таму мітынг ці пікет у такіх месцах заўважыць мінімальная колькасць людзей.

Савет міністраў зацвердзіў агульны парадак аплаты паслуг міліцыі па ахове грамадскага парадку, выдаткаў на медычнае абслугоўванне і на прыборку тэрыторыі пасля правядзення масавых акцый. Пасля атрымання дазволу (або пры адсутнасці забароны) на правядзенне акцыі арганізатар павінен заключыць дамовы з міліцыяй, хуткай дапамогай і «Зелянбудам».

Да ўнясення зменаў закон прадугледжваў магчымасць такой аплаты за мірныя сходы. Аднак гэта рэгулявалася пастановамі тэрытарыяльных органаў улады, і звычайна сума аплаты вызначалася па дамоўленасці, а часам і ўвогуле не бралася. Зараз працэдура ўніфікаваная, плаціць абавязаныя арганізатары ўсіх масавых мерапрыемстваў — акрамя тых, што фінансуюцца з дзяржбюджэту. Закон дакладна ўстанаўлівае, колькі каштуе аплата паслуг міліцыі ў залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў. Напрыклад, калі на мітынг збярэцца да 10 чалавек, арганізатары мусяць заплаціць 76,5 рубля (3 базавыя велічыні), але калі прыйдзе 11 (і да 100 чалавек) — аплата ўзрастае да 637,5 рубля (25 базавых). Калі на акцыю прыйдзе больш за 1000 чалавек, паслугі міліцыі будуць каштаваць 6375 рублёў. А калі праводзіць акцыю не ў спецыяльна вызначаным месцы, то сума ўзрастае яшчэ ў паўтара разы. Кошты немаленькія.


Заплаці і пратэстуй?

Менавіта ўсталяванне тарыфаў на аплату паслуг міліцыі стала для арганізатараў масавых мерапрыемстваў самым балючым. І закранула нават тых, хто робіць зусім не палітычныя акцыі.

Наш закон «Аб масавых мерапрыемствах» вельмі шырока трактуе само паняцце «масавае мерапрыемства», з-за чаго пад яго дзеянне разам з палітычнымі сходамі трапляюць рэлігійныя, музычныя і спартовыя. І таму пасля зменаў у закон арганізатары такіх мерапрыемстваў таксама мусяць плаціць за іх правядзенне.

Напрыклад, рахунак на аплату паслуг міліцыі на суму каля 3000 рублёў выставілі вернікам-уніятам, якія хацелі правесці ў ліпені пілігрымку з Віцебска ў Полацк. Арганізатары не здолелі знайсці такія грошы і былі вымушаныя адмовіцца ад паходу. Вернікі накіравалі зварот у Міністэрства ўнутраных спраў з просьбай адмяніць дзеянне пастановы Саўміна ў дачыненні не толькі да рэлігійных, але і да ўсіх некамерцыйных арганізацый. Аднак МУС адказаў, што пастанова адмененая не будзе.

У красавіку пад пагрозай апынулася правядзенне ў Смаргонскім раёне марафону «Вітаўт» і забегу «Жуктрэйл». Арганізатарам («Федэрацыі прыгодніцкіх гонак») выставілі рахунак за паслугі міліцыі больш чым на 5700 рублёў. Пры гэтым сума стартавых унёскаў ад удзельнікаў была ніжэйшая за гэты бар’ер. Толькі ў апошні момант арганізатары здолелі дамовіцца са Смаргонскім выканкамам, каб той выступіў суарганізатарам мерапрыемстваў.

У цяжкай сітуацыі апынуліся арганізатары музычных фестываляў. Вядома, што з-за непад’ёмных коштаў за паслугі МУС у Магілёве не адбыўся Inspire Fest.

Але ў першую чаргу пастанова, верагодна, была прынятая, каб адбіць ахвоту ў палітычна актыўных грамадзян арганізоўваць масавыя вулічныя мерапрыемствы. І ва ўладаў гэта атрымалася.

Традыцыйнае шэсце «Чарнобыльскі шлях» 26 красавіка 2019 года. Фота #controlby


Арганізатары канцэрту-мітынгу да Дня Волі ў Мінску 24 сакавіка проста не змаглі аплаціць суму, якую налічыла ім міліцыя пасля мерапрыемства. Перад мерапрыемствам арганізатары заяўлялі колькасць удзельнікаў да 1000 чалавек, а, паводле падлікаў міліцыі, у Кіеўскі сквер прыйшло значна больш людзей. Адпаведна, змянілася і сума за ахову. Справа дайшла да суда, які арганізатары свята прайгралі. Яны мусяць аплаціць на карысць Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў больш за 8000 рублёў.

Па гэтай жа прычыне апазіцыйныя палітыкі адмовіліся ад правядзення санкцыянаванага «Чарнобыльскага шляху». Шэсце адбылося, але несанкцыянаванае. Калі б арганізатары вырашылі праводзіць усё ў межах закона, то сума за паслугі міліцыі перавысіла б 2000 еўра.


Маленькія сходы — са складанасцямі

З часу ўступлення ў сілу зменаў у закон «Аб масавых мерапрыемствах» правесці пікет ці мітынг без наступстваў атрымалася толькі ў выпадках, калі колькасць удзельнікаў была меншая за 10 чалавек — тады міліцыі трэба было заплаціць 3 базавыя. Аднак і тады не абыходзілася без праблем.

Паглядзець, як працуе паведамляльны парадак правядзення мірнага сходу, першымі вырашылі валанцёры Праваабарончага цэнтру «Вясна». Яны ладзілі пікет-манстрацыю (пікет, дзе выкарыстоўваюцца плакаты з абсурднымі надпісамі) у парку Дружбы народаў, які ўваходзіць у спіс месцаў, прызначаных для правядзення мірных сходаў. Але паслугі хуткай дапамогі, міліцыі ды «Зелянбуда» ўсё роўна трэба было аплаціць. «Самым цяжкім было ўсё ўзгадніць з міліцыяй. Пастанова Саўміна патрабуе заключэння дамовы з тэрытарыяльнымі аддзеламі ўнутраных спраў, аднак мне чамусьці сказалі заключаць менавіта з ГУУС Мінгарвыканкама. На адны тэлефонныя размовы я патраціла каля дзвюх гадзін. Аддзел па масавых мерапрыемствах накіроўваў мяне ў бухгалтэрыю, адтуль — у аддзел па прафілактыцы, а адтуль — зноў у аддзел па масавых мерапрыемствах. То-бок, самі супрацоўнікі міліцыі не ўяўлялі, хто за што адказны і як працаваць па новым законе», — адзначае арганізатарка Наталля Сацункевіч.

Пікет-манстрацыя, арганізаваны валанцёрскай службай ПЦ «Вясна». Фота ПЦ «Вясна»


Тое, што нават пры наяўнасці грошай для аплаты мерапрыемства бывае складана заключыць усе дамовы, знаёма і пікетоўцам грамадскай кампаніі «Пратэст BY». Маладыя людзі аб’ядналіся праз інтэрнэт, каб разам змагацца супраць прыняцця так званага «закона аб адтэрміноўках», і адным з метадаў барацьбы абралі правядзенне адзіночных пікетаў. У Беларусі адзіночны пікет падпадае пад закон «Аб масавых мерапрыемствах», а значыць, што за паўгадзіны з плакатам у руках таксама трэба заплаціць. Адзін з пікетоўцаў Антон Самаль лёгка падпісаў дамовы з міліцыяй і хуткай дапамогай, а вось з «Зелянбудам» узніклі праблемы. Цягам двух дзён розныя спецыялісты перанакіроўвалі Самаля адзін да аднаго, не тлумачачы, якім чынам хлопцу падпісаць дамову на прыборку. У выніку ў Антона атрымалася правесці пікет, які ахоўвала ажно пяць міліцыянтаў, а побач дзяжурыла брыгада хуткай дапамогі.

Сітуацыя не палепшылася

Змены ў закон «Аб масавых мерапрыемствах», як мы бачым, не палепшылі сітуацыю з мірнымі сходамі. Увядзенне паведамляльнага прынцыпу правядзення масавых мерапрыемстваў на закінутых стадыёнах і парках на ўскрайках гарадоў не робіць гэтыя мерапрыемствы заўважнымі. А фіксаваныя тарыфы на паслугі міліцыі фактычна ро­бяць немагчымым правядзенне масавых мірных сходаў.

Антон Самаль праводзіць адзіночны пікет супраць «закона аб адтэрміноўках». Фота #controlby


Што трэба, каб можна было казаць, што сітуацыя са свабодай мірных сходаў у Беларусі палепшылася? Паводле юрыста Валянціна Стэфановіча, заканадаўства мусіць утрымліваць мінімум абмежаванняў.

«Натуральна, што ўсе масавыя мерапрыемствы павінны быць паведамляльнага характару. Абмежаванымі мусяць быць толькі сходы, якія маюць нямірныя намеры ці характар. Усе нашы вуліцы, праспекты, бульвары створаныя для таго, каб мы імі карысталіся, — у тым ліку і каб праводзіць на іх дэманстрацыі, шэсці і іншыя мірныя мерапрыемствы. Таксама мы лічым, што адзіночныя пікеты ўвогуле не мусяць трапляць пад дзеянне закона, і праводзіць іх варта без паведамленняў. Усе гэтыя стандарты мусяць быць перанесеныя ў беларускі закон», — кажа Стэфановіч.

Праваабаронца падкрэслівае, што абавязак грамадзян плаціць за правядзенне масавых мерапрыемстваў (міліцыі, хуткай дапамозе, «Зелянбуду») супярэчыць міжнародным стандартам правядзення мірных сходаў. Аплата выдаткаў павінна ўскладацца не на арганізатараў, а на дзяржаву. Гэта яе абавязак: стварыць умовы для рэалізацыі грамадзянамі сваіх канстытуцыйных правоў на свабоду мірных сходаў і на выказванне свайго меркавання.

Беларускія праваабаронцы даўно крытыкуюць закон «Аб масавых мерапрыемствах» за яго неадпаведнасць міжнародным стандартам. Аднак максімум, на што можа пайсці цяперашняя ўлада, — гэта касметычныя змены, накшталт тых, што і былі прынятыя напачатку года.

«Існуюць рэкамендацыі Камітэта па правах чалавека ААН, якія ён вынес беларускаму ўраду па паляпшэнні заканадаўства аб мірных сходах. Там дакладна прапісана, што і як рабіць. Але ў нашых уладаў адсутнічае палітычная воля для грунтоўных зменаў у заканадаўства. Зменаў вельмі мала, а тыя, што ёсць, якасна не мяняюць сітуацыю. Змены ў закон «Аб масавых мерапрыемствах» — яскравы таму прыклад. Улады баяцца дазволіць «лішняга», бо гэта, паводле іх меркавання, можа прывесці да пэўнай дэстабілізацыі ў краіне», — канстатуе Стэфановіч.

Прэтэнзіі застаюцца, і праваабаронцы далей будуць казаць пра недасканаласць беларускага закона «Аб масавых мерапрыемствах» на міжнародных пляцоўках. Прэрагатыва зменаў у закон па-ранейшаму належыць уладам, а значыць, у грамадзянскай супольнасці наперадзе яшчэ шмат працы, каб паўплываць на яе будучыя рашэнні ў гэтай галіне.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!