«Зараз у мяне праца, якая нашмат лепш». Актывістка, што перажыла звальненне па палітычных матывах, распавяла сваю гісторыю

На дзяржаўных прадпрыемствах, дзе збольшага ціснуць, свет клінам не сышоўся, а на прыватных спакойна глядзяць на палітычныя погляды і наадварот рады "сваім" людзям. Такую выснову зрабіла наша суразмоўца, аглядаючыся на выпадак звальнення з працы і тое, як яе жыццё развівалася пасля гэтага.
У апошнія некалькі месяцаў у Беларусі зрабіліся пашыранымі паведамленні пра звальненні людзей з працы, выкліканыя палітычнымі прычынамі. Але пераслед на працоўным месцы, дыскрымінацыя іншадумцаў і актывістаў ў працоўных адносінах, палітычныя звальненні альбо перашкоды ў пошуку працы для апазыцыйных актывістаў – з’ява для Беларусі не новая.

Ці можа досвед тых асобаў, што сутыкнуліся з гэтай формай пераследу, быць у нечым карысным для новых актывістаў, якія цяпер сутыкаюцца з гэтай формай рэпрэсіяў? Пра ўласны выпадак распавядае грамадская актывістка Таццяна Балабанская.

— Скажыце, калі вы сутыкнуліся з ціскам і дыскрымінацыяй па грамадзка-палітычнай прыкмеце на
працоўным месцы? Дзе і на якой пасадзе вы працавалі і ў чым гэты ціск выяўляўся? Ці вас звольнілі альбо прымусілі напісаць заяву пра дабраахвотны сыход? Магчыма – не перазаключылі
кантракт? Як вы старцілі працу?

— Я працавала інжынерам-радыёлагам у Маладэчанскім лясгасе. У 2010 годзе я балатавалася ў мясцовы савет дэпутатаў ад Партыі БНФ. Калі аднесла заяву на вылучэнне і праз паўгадзіны прыйшла дахаты, мне патэлефанавалі з працы і сказалі, што магу прыязджаць за працоўнай кніжкай. Я тады працавала замест жанчыны, якая была ў дэкрэце. І хоць на той момант яе дзіцё было яшчэ зусім маленькае, яе вызванілі, дамовіліся, быццам яна вяртаецца працаваць, і звольнілі мяне. Афіцыйна - па законе, але ж...

У якой ступені гэтая сітуацыя стала псіхалагічным стрэсам для вас? Як вы ацэньваеце – ці было вам цяжка перажываць гэтую сітуацыю? У чым былі асноўныя цяжкасці, матэрыяльныя і душэўныя? Як вы увогуле тады выкручваліся ў той сытуацыі? Як гэтае звальненьне паўплывала на вашую грамадскую актыўнасць?

— Адразу я вельмі перажывала. Бо праца вельмі падабалася. Але грамадская дзейнасць стала больш актыўнай. І ў рэшце рэшт дзякуючы гэтаму я і знайшла новую працу, дзе на мяне не ціснуць у плане палітычных поглядаў.

— Ці былі публікацыі пра вашае звальненне ў СМІ? Альбо публікацыі на праваабарончых рэсурсах? Увогуле – як вы ацэньваеце, ці варта ў такіх выпадках публічыць сітуацыю і звяртацца за агалоскай у прэсу?

— Пра гэта пісалі мясцовыя СМІ, праваабаронцы размяшчалі інфармацыю на сайтах. Але сітуацыя ўскладнялася тым, што афіцыйна ўсе выглядала законна.

— Як вы ацэньваеце кантрактную сітсэму для ўстойлівасці рэжыму ў Беларусі? Раней часта можна чуць што гэта адзін з асноўных каналаў, каб трымаць людзей у баку ад пратэстаў – але за апошні год пратэсты павялічыліся істотна. Штосьці змянілася? Чаму раней людзі баяліся што не падоўжаць кантракт – а цяпер не баяцца?

— Я не думаю, што для людзей, якія маюць устойлівыя палітычныя погляды, кантракт можа быць стрымліваючым фактарам. Хто ўпэўнены, той не баіцца страціць працу і выходзіць на пратэсты. Усе залежыць ад чалавека.

Ці атрымалася вам хутка знайсці новую працу ці новы занятак? Ці спатрэбілася перавучвацца альбо засвойваць новую кваліфікацыю? Ці давялося вам памяняць месца жыхарства альбо від дзейнасці?

— З працай атрымалася даволі хутка, але яна была зусім па іншай спецыяльнасці. Давялося памяняць кваліфікацыю.


— Хто альбо што вам найбольш дапамагала у сітуацыі страчанай працы – сям’я? паплечнікі па грамадскай ці палітычнай арганізацыі? Сябры? Мясцовае дэмакратычнае кам'юніці? Праваабаронцы? Замежныя фонды?

— Сям'я вельмі дапамагала, бо яна ў нас вялікая і дружная. Крыху дапамаглі і фонды. Але галоўным чынам дапамагла мясцовая грамадзянская супольнасць. Падчас грамадскага мерапрыемства на плошчы ў Маладэчне я пазнаёмілася з вялікай колькасцю людзей, і ў тым ліку і са сваёй цяперашняй начальніцай. І менавіта дзякуючы палітычным поглядам змагла знайсці новую працу.


— Па вашым досведзе: цяперашняя практыка звальненняў за палітыку, пра якую мы чытаем у СМІ, ці яна адрозніваецца ад ранейшай? Якім чынам?

— Па маіх назіраннях, усё адбываецца так, як і было раней. Для звальненняў выкарыстоўваюць розныя спосабы і метады. Толькі маштабы сталі большымі.

— На ваш погляд, каму складаней ў ситуацыі палітычна матываванага звальнення – моладзі, людзям сярэдняга ўзросту альбо перадпенсійным супрацоўнікам? Мужчынам ці жанчынам?

— Цяжэй тым, у каго няма дастаткова кваліфікацыі, а таксама тым, ад каго залежыць сям'я. То бок, тут справа не ва ўзросце ці полавай прыналежнасці, а ў канкрэтных жыццёвых абставінах людзей.

— Калі б вы маглі звярнуцца да самой сябе ў мінулае, ў часы вашага звальнення ці перад ім – што бы вы сабе параілі?

— Я часта думаю, што цяпер у мяне праца, якая падабаецца мне нашмат больш. І разумею, што усё склалася найлепшым чынам. Таму сабе магла б сказаць, што атрымалася толькі лепш. Не так даўно той мой лясгас прымусілі выконваць на відэа дзяржаўны гімн - і гэта выглядала вартым жалю. Я разумею, што дакладна не ўдзельнічала б у такім, то бок, нават калі б мяне не звольнілі тады - зараз звольнілі б дакладна. А таму усё, што ні робіцца, яно да лепшага.


— А што бы вы параілі людзям, якіх звальняюць з працы за палітыку ці ўдзел у пратэстах цяпер? Некаторыя з іх хочуць з’ехаць з краіны – што бы вы ім адказалі на такую ідэю?

— Галоўнае - не замыкацца ў чатырох сценах. Выходзіць, шукаць, проста камунікаваць з людзьмі. Пісаць у сацсетках, размаўляць са знаёмымі. Дзяліцца інфармацыяй пра тое, што здарылася. І не хаваць праўду. І раней, і асабліва зараз ёсць шмат месцаў, куды бяруць менавіта людзей з дэмакратычнымі палітычнымі поглядамі. На дзяржаўных прадпрыемствах, дзе збольшага ціснуць, свет клінам не сышоўся, а на прыватных спакойна глядзяць на палітычныя погляды і наадварот рады "сваім" людзям.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: