Затрымалі адміністратара дваровага чата і тэлеграм-канала «Новая Баравая 98%»? Не ўсё так проста

ГУБАЗіК затрымаў адміністратара дваровага чата і тэлеграм-канала «Новая Баравая 98%». Пра гэта паведамляе прэс-служба МУС.

На 34-гадовага жыхара Мінскага раёна выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК. Паводле версіі міліцыі, мужчына кіраваў закрытым паблікам раёна, «у якім налічвалася блізу 300 карыстальнікаў, уключаючы найбольш радыкальных актывістаў, якія арганізуюць пратэсты ў жылым комплексе», паведамляе TUT.BY.

— Быў у «дэструктыўным» чаце Новай Баравой, быў мадэратарам чата і канала «Новая Баравая 98%». Сваю віну прызнаю, больш абяцаю падобных дзеянняў не здзяйсняць, — распавядае мужчына на відэа, распаўсюджаным МУС.

Паводле інфармацыі міліцыі, у тэлеграм-канале адміністратар «не толькі абмяркоўваў спосабы дэстабілізацыі абстаноўкі ў краіне, псавання маёмасці і інфраструктуры, а таксама выказваў пагрозы ў дачыненні да службовых асоб дзяржорганаў і міліцыянтаў».

Мужчыну прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах.

Жыхары Новай Баравой распавядаюць, што перыядычна ў дамах і на вуліцах квартала з'яўляюцца невядомыя, часам адбываюцца затрыманні. На здымку вышэй — невядомыя ў квартале 15 сакавіка.

Адзначаецца, што ў кватэры затрыманага знайшлі «пратэсную сімволіку» і больш за 1,5 тысячы ўлётак з заклікамі, канфіскаваны яго мабільны тэлефон.

Мужчыну вынеслі афіцыйнае папярэджанне ў адпаведнасці з «Законам аб супрацьдзеянні экстрэмізму». У бліжэйшы час яго дзеянням і іншых удзельнікаў «названых тэлеграм-рэсурсаў» следчыя дадуць прававую ацэнку па крымінальнай справе, узбуджанай за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання, піша міліцыя.

Разам з тым, паведамляе «Белсат», жыхары Новай Баравой кажуць, што гэты мужчына — не адміністратар.

Яны паведамілі, што гэта мадэратар невялікага чату, які сачыў, каб у ім не было флуду. У больш буйных чатах раёна ён быў звычайным удзельнікам.

Затрымалі мужчыну, паводле жыхароў раёна, яшчэ некалькі дзён таму.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: