Затрымалі блогера з Акцябрскага Андрэя Павука (+ відэа затрымання і ператрусу, дакумент)

Прычынай стала нібыта паведамленне аб мінаванні райвыканкама, адпраўленае з камп'ютара актывіста. Між тым, у пастанове аб ператрусе пазначаны адрас, па якім знаходзіцца гасцініца, а не райвыканкам.
Фота: Фэйсбук

Фота: Фэйсбук

Пра здарэнне паведаміла ў Фэйсбуку жонка блогера Вольга Павук.

«Андрэя Павука затрымалі, бо нібыта з нашага камп'ютара было адпраўлена паведамленне аб замініраванні райвыканкама», — напісала яна. 

Таксама ёй стала вядома, што пракурор рыхтуе санкцыю на ператрус у кватэры, піша праваабарончы цэнтр «Вясна».

Андрэй патэлефанаваў і папрасіў забраць дачку, бо яго затрымліваюць прадстаўнікі Следчага камітэта па падазрэнні ў заведама ілжывым паведамленні пра мініраванне. Я ўпэўнена, што ніякага паведамлення не было, а ўсё зроблена для таго, каб правесці ператрус у нашай кватэры, — распавяла Вольга прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Андрэй Павук жыве ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласці, з'яўляецца аўтарам суполкі «Рудабельская паказуха» у сацыяльных сетках.


Следчы камітэт у 13.12 гадзін у афіцыйным тэлеграм-канале паведаміў, што распачатая крымінальная справа па ч.1 арт. 340 Крымінальнага кодэкса па факту заведама фальшывага паведамлення аб мінаванні райвыканкама ў гп. Акцябрскі. Па гэтым артыкуле прадугледжана крымінальная адказнасць да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Дома ў блогера правялі вобшук.

Адметна, што ў пастанове на правядзенне ператрусу ўказана, што паступіла паведамленне пра ілжэмінаванне райвыканкама па адрасе Савецкая, 58.
Скрыншот з відэа: пастанова аб правядзенні вобшука ў Андрэя Павука

Але па такім адрасе размешчаны не райвыканкам, а гасцініца.

Адрас райвыканкама — Савецкая, 57.


Аднак гэтая памылка не стала нагодай для спынення ператрусу.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!