Затрымалі валанцёрку, якая дапамагала гомельскаму праваабаронцу Леаніду Судаленку

Позна ўвечары 18 студзеня прайшоў ператрус у жыхаркі Гомеля Марыі Тарасенкі. Яе завезлі пасля допыту ў ізалятар часовага ўтрымання. Марыя Тарасенка дапамагала ў працы праваабаронцу Леаніду Судаленку. Яго затрымалі напярэдадні.

«Цяпер мы з яе мужам шукаем адваката. Марыя ведала пра арышт Леаніда Судаленкі і была настроеная на тое, каб не сьведчыць супраць сябе, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі», — удакладніў «Свабодзе» праваабаронца Васіль Палякоў.

Вядомага праваабаронцу Леаніда Судаленку затрымалі 18 студзеня паводле часткі 2 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу — за «фінансаваньне масавых беспарадкаў».

Праваабаронца аказваў юрыдычную дапамогу ўдзельнікам акцый пратэсту. Таксама ён дапамагаў аплачваць штрафы і дзяржаўнае мыта пры падачы скаргаў у суд.

У рэдакцыі сайту «Гомельская Вясна» Судаленка пакінуў паведамленне, якое прасіў апублікаваць пасля магчымага арышту.

Ён пісаў, што дапамога рэпрэсаваным, у тым ліку пры падачы скаргаў у суды, адбывалася выключна пасля, а не да ўдзелу ў пратэстах.

Матэрыяльная дапамога аказвалася выключна праз банк і з выплатай грашовых сродкаў у дзяржаўны бюджэт, а абарона правоў рэпрэсаваных на нацыянальным і міжнародным узроўні насіла публічны характар ​з асвятленьнем у СМІ.

Судаленка зазначыў, што фінансаванне «масавых беспарадкаў» — гэта прапанова або збор сродкаў ці аказанне фінансавых паслуг з усведамленнем таго, што яны прызначаны для аплаты падрыхтоўкі, вэрбавання, навучання асобаў для ўдзелу ў групавых дзеяннях.

«Я займаўся дапамогай у аплаце штрафаў толькі прыцягнутым да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненае правапарушэньне, прадугледжанае арт. 23.34 КаАП, а таксама аплатай знаходжання ў ізалятарах. І тут важная і, мабыць, галоўная дэталь: прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за парушэньні закону «Аб масавых мерапрыемствах» выключае ў дзеяннях пратэстоўцаў склад крымінальнага злачынства! Тым ня менш мяне затрымалі праз падазрэньне ў злачынстве, прадугледжаным артыкулам 342 КК! У маіх дзеяннях адсутнічае склад злачынства», — заявіў праваабаронца.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: