Затрыманні па «справе БелТА» працягваюцца

Як стала вядома Свабодзе, тры журналісты і галоўны рэдактар парталу Realt.by затрыманыя сёння раніцай. Яны чакаюць допыту ў Следчым камітэце.
Сёння раніцай следчыя прыйшлі ў рэдакцыю партала пра нерухомасць Realt.by і забралі журналістаў Ігара Хмару, Марыю Сароку, Алену Маслоўскай і галоўнага рэдактара Уладзіслава Кулецкага ў Следчы камітэт на вуліцы Фрунзэ. Таксама забралі і тэхніку гэтых супрацоўнікаў. Цяпер яны чакаюць допыту.

Сведкам затрымання яшчэ аднаго журналіста Аляксея Жукава стаў карэспандэнт выдання #RFRM. Яго разам з жонкай забралі з дому ў Бараўлянах супрацоўнікі СК.

Realt.by — адзін з найпапулярнейшых парталаў пра нерухомасць у Беларусі. Паводле SimilarWeb, у чэрвені 2018 году на сайце было 1,3 мільёна наведванняў.

Realt.by працуе з 2005 года. На партале публікуецца актуальная інфармацыя ад агенцый нерухомасці, забудоўнікаў і прыватных асобаў аб продажы і арэндзе кватэр, дамоў і камерцыйнай нерухомасці.

Учора па падазрэнні ў несанкцыянаваным доступе да платнай падпіскі навін дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА сілавікі затрымалі супрацоўнікаў tut.by Марыну Золатаву, Ганну Калтыгіну, ​​Галіну Уласік, Ульяну Бабаед, Дзмітрыя Бобрыка, Ганну Ермачонак. Таксама была затрыманая журналістка агенцтва БелаПАН Таццяна Каравянкова. Рэдактара БелаПАН Андрэя Сераду пасля ператрусу ў офісе забралі на допыт. 

Пазней стала вядома, што Дзмітрыя Бобрыка, Ульяну Бабаед і Андрэя Сераду адпусцілі.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!