Затрыманы беларускі журналіст-расследавальнік Сяргей Сацук

Сяргей Сацук, рэдактар анлайн-выдання "Ежедневник", затрыманы сёння супрацоўнікамі Дэпартамента фінансавых расследаванняў, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў. І нагадвае, што 23 сакавіка ў калонцы на аўтар ставіў пад сумнеў афіцыйную статыстыку па захворваннях у Беларусі на каронавірус.
 Сяргей Сацук. Фота Еўрарадыё

 Сяргей Сацук. Фота Еўрарадыё


Затрыманне адбывалася на вачах яго жонкі Жанны, паведамляе NN.BY.

«Мы паехалі ў будаўнічую краму пад Мінскам, у Сціклева. Там не паспелі зайсці ў краму, як падышлі двое. Я падумала спачатку, што гэта нейкія яго знаёмыя, але раптам Сяргея павялі кудысьці ў бок, — распавяла жонка журналіста "Нашай Ніве".

Я кажу: "Сярожа, ты куды?" Ён адказвае: "Мяне затрымліваюць".

Мужчыны, якія яго затрымалі, паказалі "корачкі" Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Я спытала ў іх, за што Сяргея забіраюць, яны адказалі: вам пасля паведамяць".

Па словах жонкі, апошнім часам Сяргей Сацук не займаўся нейкімі гучнымі тэмамі. Што магло быць прычынай затрымання, яна не ведае.

Сяргей Сацук вядомы як журналіст, які займаецца расследаваннямі. Апошняе яго гучнае расследаванне было пра пастаўкі ў Беларусь незарэгістраванай на той момант вакцыны "Эўпента".

У жніўні 2019 года Сацук у інтэрв'ю БелаПАН заявіў, што атрымліваў пагрозы з-за сваёй дзейнасці.

"Пасля выхаду першага з двух артыкулаў пра карупцыю, дзе ў тым ліку згадваўся і Мядзведскі, да мяне прыйшоў нечаканы чалавек, не буду пакуль раскрываць яго імя. Ён прама мне сказаў: калі не спынюся, мяне альбо грохнуць, альбо пасадзяць", — распавёў Сацук.

23 сакавіка 2020 года на сайце "Ежедневника" была апублікаваная калонка Сяргея Сацука "Кто сеет панику вокруг коронавируса, президент или сайты и каналы?". У матэрыяле аўтар ставіў пад сумнеў афіцыйную статыстыку па захворваннях у Беларусі на каранавірус.

Сяргей Сацук — сябра ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў". Раней працаваў рэдактарам аддзела права, здарэнняў і журналісцкіх расследаванняў «Белорусской деловой газеты».

baj.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: