Затрыманы інжынер-канструктар «Нафтана» Аляксандр Балонкін

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што Аляксандра затрымалі прыкладна ў 13:00 пасля ператрусу на працоўным месцы.
Ён з'яўляецца намеснікам старшыні першаснай арганізацыі Беларускага Незалежнага прафсаюзу работнікаў ААТ «Нафтан».

Нагадаем, на працягу трох дзён — 21-23 верасня — пракацілася хваля затрыманняў завадчанаў і стачкамаўцаў з «Гродна Азот», Беларускага металургічнага заводу, Беларускай Чыгункі і «Нафтана». Некалькі чалавек з «Гродна Азот» выпусцілі, астатнія 13 чалавек былі затрыманыя і змешчаныя ў СІЗА КДБ і гомельскае СІЗА №3. Па папярэдняй інфармацыі праваабаронцаў, іх затрымалі ў межах артыкула 356 (здрада дзяржаве).

26 верасня па АНТ выйшаў сюжэт пра затрыманых рабочых. У эфіры заявілі, што 21 верасня арганізацыя "Рабочы рух" была прызнана экстрэмісцкай. Таксама па АНТ паведамілі пра ўзбуджэнне крымінальнай справы за стварэнне экстрэмісцкага фарміравання — арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса. У адносінах да некаторых затрыманых ідзе гаворка і пра іншыя артыкулы, напрыклад, арт. 357 Крымінальнага кодэкса (змова або іншыя дзеянні, здзейсненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады).


Паводле інфармацыі праваабаронцаў, спіс затрыманых да сённяшняга дня выглядаў так:


Сяргей Шэлест, былы апаратчык цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
Андрэй Пагерыла, былы слесар-рамонтнік цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
Уладзімір Жураўка, былы аператар ДПУ цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
Андрэй Башан, супрацоўнік цэху «Аміяк-3», СІЗА КДБ;
Валянцін Цераневіч, памочнік майстра на заводзе «Хімвалакно» (які ўваходзіць у склад «Гродна Азоту»), намеснік старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Гродна Азоту»;
Вадзім Яфіменка (супрацоўнік «Хімвалакно»);
Дзмітрый Елісееў (супрацоўнік БМЗ, гомельскае СІЗА №3);
Святлана Зыль (былая супрацоўніца БМЗ, гомельскае СІЗА №3);
Аляксандр Гашнікаў (супрацоўнік БМЗ, СІЗА КДБ);
Сяргей Дзюба (БелЧыгунка, СІЗА КДБ);
Максім Саковіч (старшы энэргадыспетчар БелЧыгункі, СІЗА КДБ);
Ганна Аблаб (БелЧыгунка, СІЗА КДБ);
Аляксандр Капшуль (былы юрысконсульт ААТ «Нафтан», заводу «Палімір», СІЗА КДБ).

Верагодна, імя Аляксандра Балонкіна таксама ўвойдзе ў гэты спіс.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: