Затрыманы Яўген Афнагель (дапоўнена)

У Мінску затрыманы каардынатар грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэса Яўген Афнагель.
Яўген Афнагель, фота Еўрарадыё

Яўген Афнагель, фота Еўрарадыё

Пра гэта паведаміў тэлеграм-канал "Баста".

Як стала вядома Charter97.org ад каардынатара "Еўрапейскай Беларусі" Максіма Вінярскага, Яўген Афнагель знаходзіцца ў Бараўлянскім РАУС Мінскага раёна.

Жонка Яўгена Афнагеля Кацярына Людвіг паведаміла Charter97.org, што яны з мужам ездзілі на рынак будматэрыялаў у Калодзішчах пад Мінскам.

А калі ехалі назад, купіўшы ўсё неабходнае, іх машыну спынілі супрацоўнікі ДАІ.

Пасля гэтага з засады выскачылі сілавікі, якія прадставіліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку. Яны сталі здымаць затрыманне на відэакамеру.

Пасля гэтага асобы, якія назваліся супрацоўнікамі крымінальнага вышуку, селі ў машыну і загадалі ехаць у Бараўлянскі РАУС.

Там Яўгена Афнагеля затрымалі, яго абвінавачваюць у «крадзежы» набытых на стройрынках тавараў.

Па словах Кацярыны Людвіг, у РАУС прывезлі прадпрымальніка, у якога яны купілі тавары.

Цяпер яго прымушаюць даваць паказанні супраць палітыка.

Яўген Афнагель назваў гэта правакацыяй з мэтай сфабрыкаваць крымінальную справу супраць яго.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!