Затрыманы святар Леанід Акаловіч (дапоўнена)

Па дарозе з плошчы Незалежнасці арыштаваны святар Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Леанід Акаловіч. Пра гэта ў фэйсбуку паведаміла Валерыя Чарнаморцава.

Леанід Акаловіч, фота Дзіяны Серадзюк

Леанід Акаловіч, фота Дзіяны Серадзюк


Верагодна, яго павезлі ў Цэнтральны РУУС.

Нагадаем, сёння на плошчы Незалежнасці ў Мінску зноў праходзіў стыхійны мітынг. Людзі дзяліліся сваімі меркаваннямі, спявалі песні, танчылі. Удзельнікі заклікалі ладзіць такія сустрэчы штодня а 19-й гадзіне.

Падчас мерапрыемства адбываліся затрыманні.

Таксама стала вядома, што на плошчы Незалежнасці быў затрыманы актывіст Максім Вінярскі.


Дапоўнена. Святара Леаніда Акаловіча вызвалілі з Цэнтральнага РУУСа. Ён распавёў НЧ, што каля 20-21 гадзіны вечара ён быў на плошчы Незалежнасці, чытаў малітву "Ойча наш". Пасля сканчэння мітынга пайшоў да метро. Да яго падыйшоў нейкі маладзён і сказаў, што хоча з ім пагутарыць. Айцец Леанід сказаў, што не хоча з ім гутарыць, бо не ведае, хто ён. Тады падыйшлі яшчэ людзі, нехта з іх нарэшце прадставіўся, і Акаловіч мусіў прайсці з імі ў бус. Яго павезлі ў РУУС, дзе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, пасля чаго адпусцілі.

Айца Леаніда раней судзілі за ўдзел у акцыях супраць інтэграцыі з Расіяй, наклалі вялікія штрафы, якія не змог выплаціць. Таму ён цяпер не мае права распараджацца маёмасцю, а грошы на штраф у яго вылічваюць з пенсіі, па 100 рублёў штомесяц. Усяго ён мае сплаціць дзяржаве больш за 700 рублёў штрафу. 

Да гэтага, хутчэй за ўсё дадасца новы, які, з улікам таго, што гэта будзе паўторнае прыцягненне да адказнасці цягам года, будзе не мінімальным.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: