Затрыманых 5 верасня студэнтаў пакаралі суткамі

5 верасня ў час студэнцкага маршу салідарнасці затрымалі каля 30 чалавек. 25 з іх адпусцілі ў той жа дзень, на астатніх склалі пратаколы і адправілі чакаць суд на Акрэсціна. У панядзелак, 7 верасня, у судзе Ленінскага раёна разгледзелі справы затрыманых студэнтаў — ім даюць ад 7 да 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Фота Вадзіма Заміроўскага

Фота Вадзіма Заміроўскага

З самай раніцы ў будынку суда сабраліся аднагрупнікі, выкладчыкі, адвакаты і бацькі затрыманых студэнтаў.

Калі іх справы будуць разглядаць, стала вядома бліжэй да 12-й гадзіны. Пасля абедзеннага перапынку, падчас якога староннія абавязаныя пакінуць будынак суда, у раскладзе з'явілася імя Мацвея Сахарука — разгляд яго справы прызначылі на 13.05. Ні сваякі, ні аднагрупнікі, якія дзяжурылі пад раскладам з самай раніцы, на працэс не патрапілі. Пазней сябры Мацвея даведаліся, што яму далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Яго абвінавачвалі па двух артыкулах — 23.34 і 23.4 Кодэкса адміністрацыйных правапарушэнняў.

Павел Тарошчын — студэнт гістарычнага факультэта БДУ. На яго склалі пратакол за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Тлумачэнні ён дае па відэасувязі, знаходзячыся на Акрэсціна.

Згодна з пратаколам 5 верасня каля 13.00 Павел Тарошчын «прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама з мэтай публічнага выказвання свайго патрабавання правядзення сумленных выбараў». У гэты час, сцвярджаецца ў пратаколе, ён рухаўся па праезнай частцы, выкрыкваў правакацыйныя лозунгі, пляскаў у ладкі.

Віну Павел не прызнаў. Ён растлумачыў суду, што сапраўды ў той дзень быў на вуліцы Карла Маркса, накіроўваўся ад галоўнага корпуса ўніверсітэта на гістарычны факультэт, але ніякай сімволікі пры сабе не меў, лозунгаў не выкрыкваў, у далоні ня пляскаў, патрабаванняў не выказваў.

— У нейкі момант пад'ехалі машыны без апазнавальных знакаў, адтуль выйшлі супрацоўнікі таксама без апазнавальных знакаў.

Хто яго затрымліваў, Павел не ведае.

— Як потым нам патлумачылі, гэта былі супрацоўнікі міліцыі. Ніякіх апазнавальных прыкметаў, што гэта яны, не было, пасведчання не паказвалі, за што нас затрымліваюць, таксама ня тлумачылі. Людзі былі ў балаклавах, у спартыўных касцюмах, ніхто не прадстаўляўся. Куды нас вязуць, таксама ніхто не адказаў.

Суддзя звяртае ўвагу, што ў пратаколе рукой Паўла напісана фраза «не згодзен», але часціца «не» закрэсленая.

— Так, гэта я закрэсліў, — тлумачыць Павел. — Нам казалі, што ў выпадку падпісання згоды нас выпусцяць у той жа дзень.

Сведка Павел Ігнацік, супрацоўнік міліцыі Ленінскага РУУС, у суд не з'явіўся «у сувязі з нясеннем службы па ахове грамадскага парадку». У пратаколе яго апытання паказана практычна тое ж, што і ў пратаколе аб адміністрацыйным правапарушэнні.

— Прыняў актыўны ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсці без адпаведнага дазволу Мінгарвыканкама ўздоўж Карла Маркса, 19. (...) Сваім удзелам публічна выказваў пратэст па факце правядзення сумленных выбараў, падчас якога выкрыкваў правакацыйныя лозунгі, пляскаў у далоні. Пасля быў дастаўлены ў Ленінскі РУУС Мінска для далейшага разгляду.

Рапарт супрацоўніка Куціса змяшчае тыя ж звесткі.

Абаронца студэнта настойваў на выкліку сведкі ў суд, аднак гэтае хадайніцтва было адхілена. Пасля невялікага перапынку суддзя Запаснік вынесла рашэнне — 7 сутак адміністратыўнага арышту.

Вадзім Чурун — студэнт БДУ, якога таксама затрымалі 5 верасня. На яго склалі пратаколы па двух артыкулах: за парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў, а таксама за непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні.

Суддзя Шут прызначыла яму пакаранне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту: сем сутак за ўдзел у несанкцыянаваным шэсці і трое сутак за непадпарадкаванне патрабаванням службовай асобы пры выкананні. У выніку — 10 сутак.

tut.by


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: