Затрыманых анархістаў падазраюць ва ўдзеле ў злачыннай арганізацыі

Цяпер следства лічыць, што затрыманыя за ўдзел у масавых беспарадках анархісты яшчэ і ўваходзілі ў склад аб'яднання «Рэвалюцыйнае дзеянне», і «здзяйснялі так званыя акты прамога дзеяння і каардынавалі іх», паведамляе «Еўрарадыё».

Чацвёра анархістаў — трое хлопцаў і дзяўчына — сталі фігурантамі крымінальнай справы аб стварэнні злачыннай арганізацыі альбо ўдзеле ў ёй, паведаміла раніцай 29 студзеня прэс-служба МУС Беларусі.

Усе чацвёра зараз знаходзяцца ў СІЗА як фігуранты іншай крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Мінску.

Цяпер следства лічыць, што яны яшчэ і ўваходзілі ў склад аб'яднання "Рэвалюцыйнае дзеянне", і "здзяйснялі так званыя акты прамога дзеяння і каардынавалі іх".

"Удзельнікі гэтай ячэйкі закідвалі кактэйлямі Молатава будынкі падатковай інспекцыі ў Гомелі і Галасееўскага суда Кіева ў 2016 годзе, расійскага пасольства ў Мінску і Упраўлення КДБ у Бабруйску ў 2010 годзе, а таксама апаганьвалі розныя будынкі надпісамі і выявамі радыкальнага толку", сцвярджаюць у прэс-службе МУС .

Пры гэтым з паведамлення МУС застаецца не зусім зразумелым, рабілі гэтыя злачынствы затрыманыя анархісты ці іншыя "ўдзельнікі суполкі". Канкрэтная інфармацыя ёсць толькі аб затрыманай дзяўчыне. Гаворыцца, што яна з 2017 года "размяшчала ў адкрытым доступе публікацыі, якія змяшчаюць заклікі да гвалту ў дачыненні да прадстаўнікоў улады".

У МУС таксама сцвярджаюць, што "фінансаванне дзейнасці Беларускай ячэйкі ажыццяўлялася з-за мяжы". Праваахоўнікі таксама заявілі, што маюць намер шукаць і затрымліваць і іншых анархістаў.


Напярэдадні ТГ-канал "Вясна" паведамляў, што новая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса (удзел у злачыннай арганізацыі ў любой іншай форме) распачатая супраць некалькіх палітвязняў: Аляксандра Францкевіча, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Андрэя Чапюка і яшчэ некалькіх чалавек.




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: