Затрыманых гродзенскіх актывістаў аштрафавалі за акцыю супраць інтэграцыі і адпусцілі

Чатыром гродзенскім актывістам, якіх затрымалі 20 снежня, далі штрафы і адпусцілі, паведамляе «Свабода».
Вадзім Саранчукоў на акцыі ў Гродне супраць інтэграцыі з Расіяй, 15 снежня 2019 года. Фота www.svaboda.org

Вадзім Саранчукоў на акцыі ў Гродне супраць інтэграцыі з Расіяй, 15 снежня 2019 года. Фота www.svaboda.org


Іх асудзілі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі за незалежнасць Беларусі, якую ладзілі ў Гродне 15 снежня, паведаміў Свабодзе намеснік старшыні партыі БНФ Вадзім Саранчукоў.

У выніку судоў актывісты атрымалі наступныя штрафы:

Вадзім Саранчукоў, намеснік старшыні партыі БНФ, экс-кандыдат у дэпутаты, — 765 рублёў;

Сяргей Верамеенка, сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, — 637,5 рублёў;

Ежы Грыгенча, гродзенскі актывіст, — 255 рублёў;

Уладзімер Арцыман, экс-кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, — 255 рублёў.

Акцыя за незалежнасць Беларусі прайшла ў Гродне 15 снежня. Падчас акцыі грўдзенцы ўзяліся за рукі, утварыўшы ланцуг уздоўж старога мосту цераз Нёман. У канцы не дазволенай уладамі акцыі яе ўдзельнікі пусцілі на ваду «плыт у Пецярбург» з рэзалюцыяй супраць інтэграцыі Беларусі і Расеі. У акцыі ўдзельнічалі каля ста чалавек.

Перад акцыяй апазіцыі за незалежнасць Беларусі, запланаванай на 20 снежня ў цэнтры Мінску, міліцыя затрымала некалькі актывістаў, дзясяткі чалавек атрымалі папярэджанні аб адказнасці за ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах.

20 снежня ў Санкт-Пецярбргу прайшлі перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна аб паглыбленні інтэграцыі паміж Беларуссю і Расіяй.

 


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: