Затрыманыя па справе «Прэс-клуба» застануцца пад вартай яшчэ на два месяцы

Тэрмін утрымання пад вартай затрыманых па справе справе «Прэс-клуба» працягнуты яшчэ на два месяцы — да 23 чэрвеня.

Юліі Слуцкай і іншым затрыманым па справе «Прэс-клуба» працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы, а следчыя дзеянні не праводзяцца. Пра гэта ў сваім допісе ў Фэйсбуку паведаміла Аляксандра Слуцкая, дачка Юліі Слуцкай.

«Чатыры месяцы, на працягу якіх мае родныя і любімыя знаходзяцца ў СІЗА на Валадарскага, ператварыліся ў адну доўгую, бясконцую, страшную ноч. Я ўжо даўно перастала быць ружовым поні. Я выдатна разумела, што 23 красавіка — проста дата. І не верыла, што нешта зменіцца менавіта сёння. Не верыла, але спадзявалася», — напісала Аляксандра Слуцкая.

Яна адзначыла, што тэрмін утрымання пад вартай працягнулі яшчэ на 2 месяцы, да 23 чэрвеня. З затрыманымі не праводзіцца ніякіх следчых дзеянняў, а пра вынікі падатковай праверкі дагэтуль не паведамілі.

«Вынікаў падатковай праверкі няма. Нібыта шкода, якую налічылі яшчэ ў самым пачатку, даўно пагашаная намі, сваякамі. Следчых дзеянняў з мамай, Пецем, Алай і Сяргеем не вядзецца. Яны проста сядзяць. Халодная, чорная і страшная ноч пакуль працягваецца», — напісала Аляксандра Слуцкая.

Юлію Слуцкую, заснавальніцу «Прэс-клуба», падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Астатнія — Ала Шарко, Сяргей Альшэўскі, Пётр Слуцкі, Ксенія Луцкіна — падазраваныя ў саўдзеле ў злачынстве. Усе яны прызнаныя палітвязнямі.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: