«Затрыманыя за супрацоўніцтва з ААН». Што чуваць пра справу «Офіса па правах людзей з інваліднасцю»?

Больш за два месяцы таму пасля ператрусаў былі затрыманыя прадстаўнікі Асветніцкай праваабарончай установы «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» — дырэктар Сяргей Драздоўскі і юрыст Алег Граблеўскі. Перад гэтым Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю ў сябе на сайце паведаміў, што праводзіцца праверка ў дачыненні да службовых асоб установы «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» па пытаннях «магчымага неправамернага завалодання грашовымі сродкамі, атрыманымі ўстановай у выглядзе дабрачынных узносаў і міжнароднай дапамогі для мэт аказання дапамогі грамадзянам з інваліднасцю», піша «Вясна».
Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі

Сяргей Драздоўскі і Алег Граблеўскі

«Офіс» на працягу дзесяці гадоў аказваў бязвыплатную прававую дапамогу, адвакатаваў змены заканадаўства, праводзіў асветніцкія мерапрыемствы па змене стаўлення да людзей з інваліднасцю.

Па абвінавачанні ў махлярстве (арт. 209 Крымінальнага кодэкса) праваабаронцу Сяргея, у якога першая група інваліднасці і ён перасоўваецца на інвалідным вазку, пасадзілі пад хатні арышт без права камунікацыі, а Алега змясцілі ў СІЗА №1 на Валадарскага. Нядаўна следчыя працягнулі ім меры стрымання яшчэ на два месяцы.

Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала лідараў «Офіса» палітычнымі зняволенымі. Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга Смалянка распавяла пра ціск на калег-праваабаронцаў, чаму беларускім уладам у цяперашняй палітычнай сітуацыі нязручны «Офіс» і з чым можа быць звязаны пераслед Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага.

«Гэта адзіны выпадак, калі мы даведаліся аб праверцы ў сваіх калег не ад саміх калег, а з сайта Камітэта дзяржаўнага кантролю»

Дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend) Вольга адзначае, што, нягледзячы на тое, што ціск з боку ўлад на прадстаўнікоў «Офіса» быў і раней, цяперашняя форма пераследу праваабаронцаў гэтай арганізацыі выглядае дзіўнай:

— На самой справе прагназаваць, чаму пераслед пачаўся менавіта ў дачыненні да гэтай арганізацыі даволі складана. Апошнім часам мы бачым вельмі шмат фактаў ціску і крымінальнага пераследу ў дачыненні да беларускіх праваабаронцаў — гэта і сябры ПЦ «Вясна», і грамадскага аб'яднання «Звяно», і БАЖ. Але тое, што гэта быў запланаваны пераслед лідараў менавіта «Офіса» зразумець нескладана.

Нават сама праверка пачалася ў іх вельмі дзіўна. На маёй памяці, гэта адзіны выпадак, калі мы даведаліся аб праверцы ў сваіх калег не ад саміх калег або іх адвакатаў, ці хаця б са СМІ, а з сайта Камітэта дзяржаўнага кантролю. На гэтым сайце была апублікаваная інфармацыя аб пачатку праверкі ў гэтай арганізацыі на падставе «падазрэння ў прысваенні грашовых сродкаў, атрыманых "Офісам па правах людзей з інваліднасцю" ў выглядзе дабрачынных ахвяраванняў і міжнароднай дапамогі для мэт аказання дапамогі асобам з інваліднасцю (арт. 210 Крымінальнага кодэкса). Пры гэтым ціск і затрыманні ў дачыненні да супрацоўнікаў арганізацыі былі зафіксаваныя і раней у сувязі з ажыццяўленнем імі дзейнасці па маніторынгу мірных сходаў з удзелам людзей з інваліднасцю.

«У ДФР іх называлі ашуканцамі і злачынцамі, пагражалі турэмным зняволеннем, Алега сілком распранулі дагала»

Сяргей Драздоўскі

Вольга Смалянка ўзгадвае, як развіваліся падзеі па пераследу «Офіса па правах людзей з інваліднасцю» і як адбывалася затрыманне Алега і Сяргея:

— Пасля з'яўлення паведамлення на сайце КДК стала вядома, што 21 студзеня адначасова ў памяшканні «Офіса», а таксама дома ў дырэктара і бухгалтаркі арганізацыі быў праведзены ператрус і канфіскаваная ўся тэхніка ў рамках праверкі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю, пазней дырэктар арганізацыі Сяргей Драздоўскі і юрыст арганізацыі Алег Граблеўскі былі дастаўленыя на допыт у ДФР, дзе яны правялі цэлы дзень.

З офіса арганізацыі была канфіскаваная тэхніка і дакументы. 2 лютага  Сяргей і Алег былі зноў выкліканыя ў ДФР нібыта для вяртання тэхнікі. Пры гэтым ніякі іншы статус, напрыклад, падазраваных, ім абвешчаны не быў.

У выніку абодва былі падвергнутыя сямігадзіннаму допыту, адвакаты да іх дапушчаныя не былі. У дачыненні да абодвух ужывалася жорсткае і прыніжаючае годнасць абыходжанне: іх называлі ашуканцамі і злачынцамі, пагражалі турэмным зняволеннем, патрабавалі прызнацца ў неідэнтыфікаваных злачынствах, аказвалі псіхалагічны ціск, Алега сілком распранулі дагала, а ў дачыненні да Сяргея сямігадзіннае знаходжанне без руху можна расцэньваць як катаванні — з улікам яго ступені інваліднасці.

Пра ўсе гэтыя факты і Сяргей, і Алег першапачаткова распавялі на сваіх старонках у Фэйсбуку, а на наступны дзень далі шэраг інтэрв'ю незалежным СМІ. Аднак даць усе запланаваныя інтэрв'ю яны не змаглі: з імі проста знікла сувязь. Інфармацыю аб іх затрыманні мы змаглі знайсці толькі праз гадзін пяць 3 лютага — увесь гэты час ні калегі, ні сваякі не ведалі ні дзе яны, ні што з імі. Бліжэй да вечара аказалася, што знаходзіліся яны ўжо ў Следчым камітэце.

«Атрымаць хоць нейкую інфармацыю аб прад'яўленым ім абвінавачанні, іх фізічным стане вельмі складана»

Паводле інфармацыі дырэктаркі Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), Сяргею Драздоўскаму і Алегу Граблеўскаму выстаўленае абвінавачанне па арт. 209 Крымінальнага кодэкса — «Махлярства». Алега ўжо трэці месяц утрымліваюць у СІЗА №1 на Валадарскага, а Сяргея — пад хатнім арыштам без права камунікацыі.

Нядаўна стала вядома, што такая мера стрымання падоўжаная ім яшчэ на два месяцы. Вольга адзначае, што даведацца аб ходзе справы «Офіса» і стане праваабаронцаў практычна немагчыма:

— Атрымаць хоць нейкую інфармацыю аб прад'яўленым ім абвінавачанні, падаўжэнні меры стрымання, іх фізічным стане вельмі складана. У першую чаргу, у сувязі з тым, што іх адвакаты знаходзяцца на падпісцы аб невыдаванні, да чаго яны ставяцца вельмі сур'ёзна. Хоць, вядома, знаходжанне адвакатаў на такой падпісцы — гэта парушэнне права на атрыманне прававой дапамогі.

Адвакаты заўсёды з'яўляліся, у тым ліку, крыніцай інфармацыі аб становішчы затрыманага. Цяпер ні ў сваякоў, ні ў сяброў, ні ў калег, у сувязі з гэтымі падпіскамі такога доступу да інфармацыі няма. У выніку немагчымасць спачатку знайсці інфармацыю пра тое, дзе знаходзяцца твае блізкія, а затым — немагчымасць атрымаць інфармацыю, у якім яны стане, па якім артыкуле затрыманыя — гэта вялікі псіхалагічны ціск на сваякоў, сяброў.

«Некалькі супрацоўнікаў ААН таксама былі затрыманыя і дапытаныя»

Як адзначае Вольга Смалянка, прадстаўнікі беларускіх арганізацый, грамадзянскай супольнасці, міжнародных праваабарончых арганізацый і спецыяльных працэдур ААН звязваюць затрыманне супрацоўнікаў «Офіса» выключна з іх прафесійнай дзейнасцю па абароне правоў чалавека — у прыватнасці, аказанні бязвыплатнай прававой дапамогі людзям з інваліднасцю.

— Унікальнасць іх сітуацыі складаецца яшчэ ў тым, што, фактычна, яны былі затрыманыя за супрацоўніцтва з ААН. Наколькі нам вядома, у рамках гэтай справы некалькі супрацоўнікаў ААН таксама былі затрыманыя і дапытаныя. Як напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Сяргей Драздоўскі, падставай для іх пераследу стала «па сутнасці, рэкамендацыя некалькім пацярпелым з інваліднасцю і без звярнуцца па дапамогу да адвакатаў».

Пры гэтым такая дзейнасць ажыццяўлялася «Офісам» у межах сумеснай ініцыятывы з ААН у Беларусі па аказанні дапамогі людзям з інваліднасцю і іншым уразлівым групам насельніцтва. Важна адзначыць, што ні Алег, ні Сяргей ніякіх сродкаў ад ААН на адвакацкія паслугі не атрымлівалі. Паўстае заканамернае пытанне: адкуль тады тут махлярства або прысваенне грашовых сродкаў? Адказ на які, па-мойму, відавочны.

Марш людзей з інваліднасцю

«Офіс па правах людзей з інваліднасцю» з 2010 года займаецца сістэмнымі зменамі сітуацыі ў дачыненні да людзей з інваліднасцю праз маніторынгі, асветніцкія і адвакацыйныя кампаніі ў Беларусі і на міжнародным узроўні. На базе арганізацыі працуе грамадская прыёмная. Людзі з інваліднасцю, члены іх сем'яў, іншыя грамадзяне, якія сутыкнуліся з пытаннямі інваліднасці, рэгулярна звярталіся ў яе за прававымі кансультацыямі. Як распавядае дырэктарка Цэнтра прававой трансфармацыі (Lawtrend), цяпер праца прыёмнай фактычна паралізаваная і ў краіне вельмі востра адчуваецца недахоп такой прававой дапамогі.

— У цэнтры дзейнасці «Офіса» знаходзіцца чалавек з інваліднасцю, але менавіта як чалавек, які мае правы чалавека, а не проста чалавек, які мае патрэбу ў патранажнай дапамозе, спажывец сацыяльных паслуг. За час сваёй дзейнасці «Офіс» зрабіў вельмі шмат для змены падыходу да правоў людзей з інваліднасцю ў Беларусі. Дзякуючы дзейнасці гэтай арганізацыі, наша краіна далучылася да Канвенцыі па правах інвалідаў. А кіраўнік гэтай арганізацыі Сяргей Драздоўскі не раз удзельнічаў у абмеркаванні праектаў нарматыўных актаў, якія рэгулююць пытанні становішча людзей з інваліднасцю з дзяржаўнымі органамі, дэпутатамі, рэалізацыі дзяржаўных праграм, якія закранаюць інтарэсы гэтай уразлівай групы.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: