Затрыманыя ў Віцебску актывісты БХД дастаўлены ў ІЧУ, дзе будуць да суда

Затрыманыя ў Віцебску актывісты аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) Стас Лаўрэнаў і Аляксей Кішчук дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе яны застануцца да суда, які пройдзе ў панядзелак, 18 лютага.



Аб гэтым Кішчук паведаміў па тэлефоне віцебскаму каардынатару БХД Таццяне Севярынец, паведамляе прэс-служба аргкамітэта партыі.

Нагадаем, маладыя людзі былі затрыманы падчас акцыі "Хваля салідарнасці" ў цэнтры горада каля плошчы Свабоды пасля таго, як вывесілі расцяжку "Свабоду палітзняволеным!".

Акцыя "Хваля салідарнасці" ў падтрымку палітзняволеных БХД праходзіць у фармаце штодзённага марафону ў розных гарадах Беларусі з 13 лютага. Актывісты распаўсюджваюць улёткі і плакаты з інфармацыяй аб палітзняволеных па паштовых скрынях, расклейваюць на стэндах дамоў, раздаюць паштоўкі з заклікам падпісаць іх і пераслаць палітзняволеным. Яны таксама вывешваюць расцяжкі з заклікам да вызвалення палітзняволеных.

Акцыя "Хваля салідарнасці" завершыцца ў Дзень Волі 25 сакавіка.

Андрэй Серада, БелаПАН

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!