Заўтра Губарэвіча будуць судзіць за чытанні да 125-годдзя Багдановіча

Старшыню Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча будуць судзіць за арганізацыю адразу двух несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Да канца году пройдуць яшчэ як мінімум чатыры суды над сябрамі арганізацыі.


9 снежня больш за 20 чалавек прынялі ўдзел у літаратурных чытаннях да 125-годдзя паэта Максіма Багдановіча па закліку старшыні Руху «За Свабоду» Юрася Губарэвіча. За чытанні пратаколы былі складзеныя як мінімум на чатырох сябраў Руху «За Свабоду».

Справу Губарэвіча разгледзяць заўтра, 27 снежня, у Цэнтральным судзе Мінска (вул. Кірава, 21), у 12.30. Плануецца, што суддзя прыме рашэнне адразу па двух справах супраць Губарэвіча: па акцыі ля КДБ (Дзень смутку ў памяць ахвяраў Савецкай улады) 7 лістапада і чытаннях вершаў у гонар 125-годдзя паэта Максіма Багдановіча 9 снежня.

«Логіка ўладаў — абсурдная. Усім вядома, як адбываецца збор людзей на афіцыёзныя мерапрыемствы, у тым ліку і на святкаванне 125-годдзе Багдановіча: наганяюць вайскоўцаў і студэнтаў. Тых жа людзейі, што шчыра любяць творчасць паэта, дзяржава ў выніку карае і прапускае праз рэпрэсіўны механізм судоў», - пракаментаваў дзеянні ўладаў Губарэвіч.

Абсурдная логіка ўладаў. Калі афіцыёзнае мерапрыемства, то можна нагнаць студэнтаў, вайскоўцаў, якія там сумавалі. А калі людзі праявілі ўласную ініцыятыву, за гэта яны трапляюць пад рэпрэсіі. Усё што не дазволена, усё забаронена«, — пракаментаваў атрыманні пратаколаў Юрась Губарэвіч.

Да канца году пройдуць яшчэ як мінімум чатыры суды над сябрамі арганізацыі Руху «За Свабоду».

Дзмітрый Кантаровіч 27 снежня ў Савецкім судзе абскарджвае прысуд за збор подпісаў у падтрымку бел-чырвона-белага сцягу.

28 снежня у Цэнтральным судзе з розніцай у паўгадзіны будуць разглядаць справы сябра мінскай гарадской рады Руху Алеся Славінскага і сябра Руху Аляксея Саевіча, 30 снежня той жа суд прыме рашэнне па справе сябра Руху Аляксея Клюшнічэнкі. Усе яны абвінавачваюцца ва ўдзеле ў несанкцыяваным пікеце ля помніка Максіма Багдановіча і калектыўных чытаннях вершаў знакамітага беларускага паэта.

Адзначым, што 9 снежня прайшлі таксама афіцыйныя мераепрыемствы да 125-годдзя Багдановіча. У прыватнасці некалькі гадзінамі да чытанняў Руху ля помніка паэту прайшоў афіцыйны мітынг «Паклонімся Максіму», студэнты вну чыталі ягоныя вершы. Ніхто з удзельнікаў акцыі пакараны не быў.

Вольга Быкоўская, pyx.by

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!