Заўтра ў Бабруйску адбудзецца прэзентацыя фільма пра Міхася Кукабаку

30 кастрычніка, у Дзень памяці ахвяраў палітычных рэпрэсій, у Бабруйску Праваабарончы цэнтр “Вясна” прэзентуе фільм “Дысідэнт”, які распавядае пра Міхася Кукабаку. Гэта першы дакументальны фільм, прысвечаны вядомаму беларусу, родам з Бабруйску, які за свае перакананні 17 гадоў правёў у савецкіх турмах, лагерах і закрытых псіхіятрычных лякарнях.



Дысідэнт Міхась Кукабака. Фота: Вадзіма Заміроўскага


У 2014 годзе Міхась Кукабака, які зараз жыве ў Маскве, па запрашэнні “Вясны” прыехаў у Беларусь, наведаў свой родны горад, прайшоўся мясцінамі “Скрадзенай Бацькаўшчыны” - эсэ, напісанае ім у 1978 годзе, сустрэўся з землякамі, у тым ліку праваабаронцамі, журналістамі і сябрам маладосці. Гэтае падарожжа на Радзіму і легла ў аснову дакументальнага фільму “Дысідэнт”.

Фільм раскрывае асаблівасці лёсу і характару Міхася Кукабакі, распавядаючы, як змог адзін чалавек супрацьстаяць таталітарнай сістэме СССР, не зламацца ў невыносных умовах савецкіх турмаў, перамагчы страх, захаваць годнасць, не страціць перакананні.

“Міхась Кукабака — чалавек, якому ўсё жыццё ўдавалася спалучаць дзіцячую цікаўнасць да жыцця і адвагу з мудрасцю сталага чалавека”, — кажа пра галоўнага героя рэжысёр фільму Віктар Трацякоў.

“Дысідэнт” — фільм пра правы чалавека, а таксама пра беларускую ідэнтычнасць, якую чалавек праносіць праз усё жыццё.    

У прэзентацыі фільма возьмуць удзел старшыня ПЦ “Вясна” нядаўні палітвязень Алесь Бяляцкі, для якога Бабруйск падчас сёлетняга візіту Міхася Кукабакі яшчэ заставаўся месцам увязнення, сцэнарыст Паліна Сцепаненка і рэжысёр Віктар Трацякоў.

Прэзентацыя адбудзецца па адрасе: г.Бабруйск, вул. Кастрычніцкая, 33. Пачатак – а 18-й гадзіне.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: