Заўтрашняе набажэнства царквы «Новае жыццё» пройдзе пад адкрытым небам

17 лютага ў найбуйнейшую поўнаевангельскую царкву Беларусі ўварваліся сілавікі. Улады даўно хочуць пазбавіць вернікаў-пратэстантащ будынка щ минским микрараёне Сухарава.

Фота «Анлайнер»

Набажэнства 21 лютага царква «Новае жыццё» правядзе пад адкрытым небам. Прычына — прымусовае высяленне прыходу з будынка па мінскім адрасе вуліца Кавалёва, 72.

«Дарагія браты і сёстры! — звярнуўся да вернікаў пастар Вячаслаў. — Наступіў сур'ёзны момант у жыцці нашай царквы. Як вы ведаеце, 17 лютага адбыўся захоп нашага будынка, і мы апынуліся на вуліцы. Нам трэба адаптавацца да новых рэалій. Мы ў пасце і малітве за нашу царкву, каб Бог сказаў сваё слова і ўмяшаўся ў гэтую сітуацыю. Ён наш заступнік.

У гэтую нядзелю, 21 лютага, у 12:00 мы збярэмся да нашага будынка царквы на малітву, правядзем адно гадзіннае служэнне і завершым пост.

Вельмі важна, каб мы прыйшлі ўсе, ад малога да вялікага: са сваімі дзецьмі, сем'ямі — як напісана ў 2 чале Параліпаменон 20:13. «І ўсе Юдэі стаялі перад абліччам Гасподнім, і малыя дзеці іхнія, жонкі іхнія і сыны іхнія». Так і мы паўстанем прад Госпадам у адзінстве і любові нашых сэрцаў, хай праславіцца Яго Святое імя!

Не прапусціце гэту гістарычную падзею — усе, каму дарагая наша духоўная сям'я, царква «Новае Жыццё» і яе будучыня».

Нагадаем, 17 лютага ў царкву «Новае Жыццё» прыйшлі сілавікі. Каб пазбавіць прыхыджан будынка, дзверы прйшлося узламаць, выпіліўшы замок.

«Новае Жыццё» — найбуйнейшая поўнаевангельская царква Беларусі. Са жніўня яна паслядоўна асуджае беззаконне і гвалт, і заклікае ўлады да пакаяння.

Рэлігійная грамада царквы Хрысціян поўнага Евангелля «Новае жыццё» ў Мінску летась атрымала судовае прадпісанне вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да канца году. У адваротным выпадку царкве пагражалі прымусовым высяленнем 5 студзеня 2021 году. Але 5 студзеня судовыя выканаўцы склалі пратакол, што царква не выканала прадпісанне..

У 2002 годзе царква «Новае жыццё» выкупіла занядбаны кароўнік на ўскрайку гораду, адрамантавала яго, і з 2004 году там адбываюцца набажэнствы.

У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстання зямельным участкам, выдзеленым ёй у бестэрміновае карыстанне. Каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблем царквы «Новае жыццё», у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Удзельнікі галадоўкі змянялі адзін аднаго, увесь час знаходзячыся ў будынку царквы. Акцыя была спынена пасля таго, як улады адступілі — сітуацыя вакол царквы атрымала шырокі міжнародны рэзананс. У абарону «Новага жыцця» актыўна выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕС, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб'яднанні.

У 2009 годзе ўлады пазбавілі абшчыну права ўласнасці на будынак царквы.

16 студзеня 2019 года адбылося грамадскае абмеркаванне плану на ўнясенне зменаў у горадабудаўнічы праект мікрараёну Сухарава. Дакумент прадугледжвае будаўніцтва жылля і аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. На месцы царквы «Новае жыццё» мяркуецца ўзвесці школу.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: