
Здаецца, беларуская судовая сістэма дае збоі. Калі раней усе казалі, што беларускі суд падначалены беларускай уладзе, то зараз у гэтым узнікаюць вялікія сумневы. Прынамсі, гэта вынікае з
апошніх рашэнняў беларускіх судоў.
Беларускі ваенны суд 15 лістапада абвясціў рашэнне па “справе Грамовіча. Амаль усім фігурантам вынесены апраўдальныя прысуды.
Слуханне справы пачалося 21 мая 2010 года, пасяджэнні праводзіліся ў закрытым фармаце. Да крымінальнай адказнасці былі прыцягнуты 36 чалавек, большасць з якіх з’яўляліся службовымі асобамі
мытні “Заходні Буг (у тым ліку два намеснікі начальніка мытні і начальнік паста) і ўпраўлення КДБ па Брэсцкай вобласці (былыя намеснік начальніка ўпраўлення, а таксама начальнік
аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй). Паводле ацэнак следства, ад нявыплаты мытных плацяжоў дзяржаве быў нанесены ўрон у памеры больш як 30 мільярдаў рублёў.
У СМІ гэту справу назвалі “справай Грамовіча па прозвішчы арыштаванага 15 студзеня 2009 года былога дырэктара дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Анатоля
Грамовіча.
У выніку БВС прыняў рашэнне спыніць вытворчасць па крымінальнай справе ў дачыненні да дзевяці фігурантаў з-за адсутнасці ў іх дзеяннях складу злачынства. Гэтыя людзі маюць права на поўную
рэабілітацыю, аж да аднаўлення на ранейшым працоўным месцы.
Яшчэ 25 абвінавачваных прызнаны невінаватымі за недаказанасцю ў частцы ўчыненых злачынстваў. У іх ліку Анатоль Грамовіч і былы намеснік начальніка мытні “Заходні Буг Яўген
Селіванаў.
У дачыненні да яшчэ чатырох абвінавачваных крымінальныя справы, па рашэнні БВС, павінны быць накіраваны ў Генеральную пракуратуру для новага папярэдняга расследавання.
Суд улічыў, што па шэрагу інкрымінаваных артыкулаў мінулі тэрміны даўнасці прыцягнення да крымінальнай адказнасці, і на гэтай падставе крымінальныя справы спыненыя. У той жа час, як стала вядома з
аб’яўленай часткі прысуду, многія абвінавачваныя падчас папярэдняга следства добраахвотна выдавалі незаконна нажытую валюту. Усе гэтыя грошы — больш за 150 тысяч долараў —
рашэннем суда вернуты ў даход дзяржавы.
Таксама і ў судзе над “тэрарыстамі не ўсё добра. Падчас судовых спрэчак 15 лістапада ў Вярхоўным судзе Станіслаў Абразей, адвакат Уладзіслава Кавалёва, папрасіў суд апраўдаць яго
падабароннага па эпізодзе выбуху ў сталічным метро 11 красавіка 2011 года. Кавалёў абвінавачваецца ў саўдзеле ў тэракце.
Варта зазначыць, што ў сваім выступленні Абразей больш казаў пра Канавалава, чым пра Кавалёва. Даказваючы невінаватасць галоўнага абвінавачванага, ён аўтаматычна спрабаваў даказаць
невінаватасць свайго падабароннага. Многія аргументы ў выступленні Абразея былі ідэнтычныя або перасякаліся з аргументамі абаронцы Канавалава Дзмітрыя Лепрэтара.
У Камітэце дзяржаўнай бяспекі Беларусі мяркуюць, што зачытанае дзяржабвінаваўцам абвінавачанне Дзмітрыю Канавалаву і Уладзіславу Кавалёву “развеяла домыслы ў справе аб тэракце ў
мінскім метро.
“Як паказаў судовы разбор, намаганнямі праваахоўных органаў было прадухілена магчымае ўчыненне больш сур’ёзных выбухаў, абвінавачанне ж, агучанае дзяржабвінаваўцам, развеяла
домыслы, якімі апаненты дзейнай улады спрабавалі пасеяць сумненні ў грамадстве, — гаворыцца ў паведамленні Цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ.
Пра якія “домыслы і “сумненні ідзе гаворка, не ўдакладняецца.
Праваабаронца Алесь Бяляцкі па-ранейшаму абвінавачваецца па частцы 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (утойванне даходаў у асабліва буйным памеры), аднак фармулёўка абвінавачання змененая.
Удакладненае абвінавачанне зачытаў судзе пракурор Уладзімір Сайкоўскі. Паводле яго слоў, праваабаронца атрымліваў частку даходаў з грошай, што паступалі на яго замежныя банкаўскія рахункі, у сувязі з
выкананнем ім дагаворных абавязацельстваў. Раней абвінавачанне лічыла ўсе сродкі, якія знаходзяцца на рахунках Бяляцкага ў літоўскім і польскім банках, яго даходам.
На думку абвінавачання, Бяляцкі наўмысна не падаў падатковым уладам звесткі аб даходах за 2007 год і не адлюстроўваў у дэкларацыі даходы, што паступалі на яго замежныя рахункі, чым нанёс дзяржаве
ўрон у асабліва буйным памеры.
Што гэта значыць? Тры самыя гучныя справы развальваюцца? Хутчэй за ўсё, так.
А тым часам Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі прапаноўвае ўраду ў наступным годзе ўстанавіць падаходны падатак 20% для “багатых — грамадзян, чый штомесячны даход перавышае 1
тысячу долараў. Гэтая і некаторыя іншыя прапановы ўтрымліваюцца ў пераліку, які федэрацыя накіравала ў Савет міністраў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведамляе прэс-служба ФПБ.
Гэту меру прапаноўваецца “ўстанавіць на 2012 год як выключэнне, а дадатковы прыток сродкаў за кошт павелічэння стаўкі падатку накіраваць на аказанне падтрымкі малазабяспечаным
грамадзянам.
Акрамя таго, прафсаюзная арганізацыя прапаноўвае прыпыніць павышэнне тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і праезд у гарадскім грамадскім транспарце з чацвёртага квартала гэтага года да першага
квартала наступнага года; да Новага года аказаць малазабяспечаным грамадзянам разавую матэрыяльную дапамогу; павялічыць дапамогу па доглядзе за дзіцем да трох гадоў; перагледзець умовы
вяртання валютных крэдытаў, атрыманых грамадзянамі, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, у беларускіх рублях па курсе ніжэйшым за ўстаноўлены на валютнай біржы на 30%.