Завод імя Казлова (Мінск) плануе працягваць забастоўку

Супрацоўнікі заявілі, што сёння пасля адмовы адміністрацыі падпісаць іх патрабаванні да кіраўніцтва краіны яны вярнуліся на працоўныя месцы, але не прыступілі да працы. Заўтра плануюць дабівацца падпісання дакумента, а ў выпадку адмовы таксама працаваць не будуць.


Забастоўка на Мінскім электрамеханічным заводзе імя Казлова пачалася сёння, 11 жніўня, каля 10 раніцы. Супрацоўнікі сабраліся ва ўнутраным дворыку прадпрыемства і высунулі наступныя патрабаванні:

1.                      Тэрмінова спыніць гвалт адносна мірных няўзброеных грамадзян, якія маюць права мірна выказваць сваю палітычную пазіцыю.

2.                      Спыніць правакацыі для апраўдання дзеянняў сілавікоў.

3.                      Выпусціць людзей, затрыманых падчас мірных дэманстрацый.

4.                      Уключыць інтэрнэт, каб зменшыць верагоднасць з’яўлення дадумак і чутак.

Работнікі патрабавалі ад кіраўніцтва завода накіраваць гэтыя патрабаванні пісьмова ў Адміністрацыю прэзідэнта. Ужо праз паўгадзіны да супрацоўнікаў выйшла кіраўніцтва, паабяцала разгледзець патрабаванні і даць адказ у 14.00.

Мы пагутарылі з рабочымі на прахадной завода пасля змены. Маладыя людзі адмовіліся называць прозвішчы і фатаграфавацца, “бо патрабаванні пакуль не падтрыманыя”.

На выгляд супрацоўнікаў завода не адрозніш ад хіпстэраў-ІТшнікаў: модныя фрызуры, адзенне, татуіроўкі. Яны распавялі, што ў абед кіраўніцтва абвясціла: патрабаванні не падтрымліваюць. Работнікаў папрасілі вярнуцца на працоўныя месцы. Не пагражалі, але рабілі намёкі на звальненне. Яны вярнуліся, але працаваць не сталі.

Заўтра плануюць дабівацца падпісання патрабаванняў, будуць спрабаваць падключыць прафсаюзны камітэт (сёння прадстаўнікоў ад яго не было). У выпадку новай адмовы кіраўніцтва ­— будуць заставацца на заводзе, але не працаваць. Страйк падтрымліваюць работнікі розных цэхаў, адзінай арганізацыі па каардынацыі пратэсту пакуль не створана.

Па словах маладых людзей, удзень ва ўнутраным дворыку на размову з кіраўніцтвам сабралася каля 400 чалавек. Намеснік генеральнага дырэктара завода Валеры Шчэрба у каментары парталу tut.by назваў лічбу “каля 50 чалавек”. Таксама ў рэпартажы tut.by фігуравала колькасць ад аднаго з работнікаў “чалавек 200”.  Усяго на заводзе 3170 супрацоўнікаў.

На прахадную электрамеханічнага завода пасля ўласнай змены падышоў супрацоўнік суседняга завода шасцяронак. Ён паведаміў, што ў яго ўстанове забастоўка не плануецца, “усе працуюць як звычайна”.

Каля завода імя Казлова ў канцы працоўнай змены было прыпаркавана некалькі аўтобусаў і мінімум адзін аўтазак. Машыны, што праязджалі каля будынка завода, сігналілі, з вокнаў людзі падымалі рукі з белымі стужкамі.

 

 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: