Збілі грамадскую актывістку Майю Навумаву

У жанчыны зламаны мезенец, чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені, на жываце і галаве сінякі.
Майя Навумава і Леанід Кулакоў падчас акцыі салідарнасці з палітвязнямі ў лютым 2019 года. Фота Арцёма Лявы

Майя Навумава і Леанід Кулакоў падчас акцыі салідарнасці з палітвязнямі ў лютым 2019 года. Фота Арцёма Лявы

Пра гэта «Новаму Часу» паведаміў паплечнік Майі Леанід Кулакоў.

З яго словаў, увечары 6 верасня, каля дзевяці гадзін, актывістка кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Майя Навумава вярталася ад рэжысёркі Вольгі Нікалайчык у раёне Севастопальскага парку. Там жанчына ўбачыла кампанію з пяці чалавек — трох жанчын і двух мужчын, — якія смажылі шашлык і выпівалі. Майя падыйшла да іх і зрабіла заўвагу наконт таго, што яны п’юць у грамадскім месцы.

Потым жанчына сабралася сыходзіць, а паколькі было цёмна, уключыла ліхтарык на тэлефоне, каб асвятляць ім дарогу. Адзін з мужчын падумаў, што яна іх здымае, схапіў Майю і стаў біць галавой аб дрэва. Жанчына кінулася бегчы і не памятае, ці тое сама спатыкнулася, ці тое яе штурхнулі. Яна ўпала, і яе працягнулі збіваць нагамі. Апроч таго нападнік схапіў яе тэлефон і некалькі разоў ударыў яго аб асфальт. Праз нейкі час кампанія з’ехала на таксі, Майя змагла дайсці да дому, дзе выклікала «хуткую».

Жанчыну адвезлі ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі, дзе наклалі гіпс. У Майі Навумавай зламаны мезенец, чэрапна-мазгавая траўма лёгкай ступені, на жываце і галаве сінякі. Таксама актывістка напісала заяву на нападнікаў у міліцыю. Паводле папярэдняй інфармацыі, адзін з іх мае трое дзяцей і ўжо прыцягваўся да адказнасці за гвалт.

Майя Навумава — актывістка грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», актыўная ўдзельніца Курапацкай варты. Але Леанід Кулакоў не звязвае напад на паплечніцу з яе палітычнай актыўнасцю.


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!