Збіраеце мох і ягады — плаціце!

Каго закране новы падатак на пабочнае лесакарыстанне?
З 31 снежня 2016 года ў Беларусі запрацавалі таксы за збор і нарыхтоўку дзікарослых пладоў, ягад, арэхаў, лекавых траў, моху і іншых дароў лесу.

17 лістапада Рада міністраў ўсталявала таксавы кошт за пабочнае лесакарыстанне і нарыхтоўку другасных лясных рэсурсаў, карыстанне ўчасткамі ляснога фонду ў культурна-аздараўленчых, турыстычных, іншых рэкрэацыйных і (або) спартыўна-масавых, фізкультурна аздараўленчых, спартыўных, навукова-даследніцкіх і адукацыйных мэтах.

Да пабочнага лесакарыстання адносіцца касьба, пасьба жывёлы, размяшчэнне вулляў і пчальнікоў, нарыхтоўка драўняных сокаў, пнёў і каранёў, навагодніх дрэў, нарыхтоўка і збор дзікарослых пладоў, ягад, арэхаў, грыбоў і іншых харчовых лясных дароў, лекавай і тэхнічнай сыравіны, збор моху, ляснога подсцілу, апалага лісця, а таксама карыстанне ўчасткамі ляснога фонду.

Зазірнем у Лясны кодэкс. Артыкул 44 абвяшчае: Грамадзяне маюць права свабодна знаходзіцца на тэрыторыі ляснога фонду і бясплатна збіраць для задавальнення ўласных патрэб дзікарослыя плады, ягады, арэхі, грыбы, іншыя харчовыя лясныя рэсурсы, лекавую раслінную сыравіну і тэхнічную сыравіну, драўняныя сокі, мох, лясную падсцілку і апалае лісце, удзельнічаць у культурна-аздараўленчых, турыстычных, іншых рэкрэацыйных і (або) спартыўных мерапрыемствах, калі іншае не прадугледжана заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь.

Збор грамадзянамі дзікарослых раслін і грыбоў, якія адносяцца да відаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь, або якія падпадаюць пад дзеянне міжнародных дагавораў Рэспублікі Беларусь, або якія ўключаныя ў пералік наркатычных раслін і прыроднай нарказмяшчальнай сыравіны, забараняецца.

Юрыст «Экадому» Рыгор Фёдараў тлумачыць: калі вы збіраеце лясныя дары ў мэтах атрымання прыбытку (прадпрымальніцкая дзейнасць), вам, безумоўна, прыйдзецца плаціць збор паводле ўсталяваных таксаў. Калі для асабістага спажывання — падатак вас не тычыцца.

Юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі могуць займацца нарыхтоўкай, калі на падставе рашэння мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў ім прадастаўлена права спецыяльнага карыстання аб'ектамі расліннага свету.

Паводле greenbelarus.info

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: