«Збівалі па 10–12 чалавек адначасова, нагамі»

Апазіцыйны расійскі актывіст Ільдар Дадзін, якога прысудзілі да двух з паловай гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у акцыях пратэсту, распавёў пра катаванні, збіццё і пра пагрозы забойствам у калоніі, дзе ён адбывае пакаранне.

Федэральная служба выканання пакаранняў (ФСІН) сцвярджае, што Дадзіна ніхто не катаваў, і выказвае меркаванне, што ён проста спрабуе прыцягнуць да сябе ўвагу.

Пра катаванні ў Сегежскай папраўчай калоніі №7 (ВК-7) у рэспубліцы Карэлія Дадзін распавёў у лісце да сваёй жонкі. Ліст 31 кастрычніка запісаў яго адвакат Аляксей Ліпцэр.

Інтэрнэт-выданне "Медуза" апублікавала ліст Дадзіна. Дадзін паведаміў, што “ў калоніі ВК-7 дзейнічае цэлая мафія, у якой удзельнічае ўся адміністрацыя ўстановы: начальнік калоніі — маёр унутранай службы Касіеў Сяргей Леанідавіч і абсалютная большасць супрацоўнікаў калоніі, уключаючы лекараў”. Дадзін распавёў, што адразу, як толькі ён прыбыў у калонію 10 верасня, у яго забралі ўсе рэчы, падкінулі яму два ляза, а затым "знайшлі" іх пры вобшуку.

"Тут гэта паўсюдная практыка — ужываецца для таго, каб абавязкова пасадзіць зноў прыбыўшых у ШІЗА, каб яны адразу зразумелі, у якое пекла трапілі", — распавёў Дадзін у лісце.

Ён сцвярджае, што яго адправілі ў штрафны ізалятар "без усялякіх пастаноў, але пры гэтым забралі ўсе рэчы, у тым ліку мыла, зубную шчотку, зубную пасту і нават туалетную паперу". У адказ ён абвясціў галадоўку.

На наступны дзень, 11 верасня, паводле расповеду Дазіна, сам кіраўнікі калоніі і тры супрацоўнікі пачалі збіваць і катаваць Дадзіна, патрабуючы спыніць галадоўку. Збіццё працягвалася і 12 верасня: “Супрацоўнікі скавалі мне рукі за спіной і падвесілі за кайданкі. Такое падвешванне прычыняе страшны боль у запясцях, акрамя таго, выкручваюцца локцевыя суставы, і адчуваеш дзікі боль у спіне. Так я вісеў паўгадзіны. Потым знялі з мяне майткі і сказалі, што зараз прывядуць іншага вязня, і ён мяне згвалціць, калі я не пагаджуся спыніць галадоўку. Пасля гэтага — прывялі да Касіева ў яго кабінет, дзе ён у прысутнасці іншых супрацоўнікаў сказаў: «Цябе яшчэ мала білі. Калі я аддам распараджэнне супрацоўнікам, цябе будуць збіваць значна мацней. Паспрабуеш паскардзіцца — цябе заб'юць і закапаюць за плотам». Потым збівалі рэгулярна, па некалькі разоў на дзень. Пастаяннае збіццё, здзекі, знявагі, абразы, невыносныя ўмовы ўтрымання — усё гэта адбываецца і з іншымі вязнямі.

Усе далейшыя спагнанні і змяшчэнне ў ШІЗА былі сфабрыкаваныя і заснаваныя на адкрытай хлусні. Усе відэазапісы, на якіх мне аб'яўлялі спагнанні, — пастановачныя: перад тым, як іх здымаць, мне казалі, як сябе паводзіць і што рабіць — не спрачацца, не пярэчыць, глядзець у падлогу. Інакш казалі, што заб'юць і ніхто пра гэта не даведаецца, таму што ніхто нават не ў курсе, дзе я знаходжуся”.


Жонка Дадзіна Анастасія Зотава распавяла Рускай службе ВВС: "Я адчувала, што нешта не тое адбываецца — нам не давалі спатканняў. Але такога не магла ў самым жахлівым сне, што начальнік калоніі будзе пагражаць майму мужу забойствам, і казаць, што закапае яго за плотам".

Паводле яе слоў, Дадзін пісаў ёй лісты, у якіх спрабаваў нешта расказаць, але ніводны ліст да яе не дайшоў. Яна таксама дадала, што тэлефанавала ўпаўнаважанай па правах чалавека Таццяне Маскальковай, якая абяцала напісаць ліст у Федэральную службу выканання пакаранняў.

Таццяна Маскалькова ўжо ўзяла пад асабісты кантроль справу з магчымымі катаваннямі грамадзянскага актывіста  Дадзіна, паведамляе "Интерфакс".


"Прыцягнуць да сябе ўвагу"

 

Афіцыйны прадстаўнік Федэральнай службы выканання пакаранняў Крысціна Белавусава абвергла інфармацыю пра катаванні ў калоніі.

"Адразу магу сказаць, што гэта няпраўда, ніякіх катаванняў, ужо тым больш да Ільдара Дадзіна, не ўжываецца, я неаднаразова правярала ўсе яго заявы, чалавек парушае рэжым утрымання ў калоніі, за што яму выносяцца спагнанні ва ўстаноўленым законам парадку", — сказала Белавусава Рускай службе ВВС.

Паводле яе слоў, да такога фігуранта, як Дадзін, незаконных метадаў ужываць бы не сталі.

"У любым выпадку, калі ён такія заявы робіць, будуць праводзіцца ўсе неабходныя праверкі, але мы ўжо сутыкаліся, што такімі метадамі людзі проста спрабуюць прыцягнуць да сябе ўвагу", — заявіла Белавусава. Яна сцвярджае, што неаднаразова былі выпадкі, калі асуджаныя агаворвалі начальства калоніі.

Пры гэтым ва Упраўленні Федэральнай службы выканання пакаранняў "Новай газеце" паведамілі, што да Дадзіна ўжывалася фізічная сіла, паколькі 11 верасня ён "ў грубай форме адмовіўся выходзіць з камеры, прымаць становішча для ператрусу, стаў хапаць рукамі супрацоўнікаў за форменную вопратку".

Адвакат Аляксей Ліпцэр у размове з Рускай службай ВВС адзначыў, не ўпэўнены, што цяпер яго зноў пусцяць у калонію да Дадзіна. "У яго была поўная ізаляцыя, лісты ён адпраўляць баяўся", — патлумачыў адвакат. Ён дадаў, што Дадзіну давялося адмовіцца ад галадоўкі, таму што актывіст баяўся, што яго заб'юць.




Ільдар Дадзін стаў першым у Расіі асуджаным па артыкуле 212.1 КК РФ (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі альбо правядзенні сходу, мітынгу). Па законе, прынятым Дзярждумай, парушэнне лічыцца неаднаразовым, калі грамадзянін прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці больш за два разы на працягу 180 дзён за тыя ці іншыя парушэнні падчас мітынгаў і іншых масавых мерапрыемстваў. У 2014 годзе Дадзіна чатыры разы затрымлівалі і каралі штрафамі за ўдзел у няўзгодненых з уладамі акцыях.

Прысуд — тры гады калоніі агульнага рэжыму — быў вынесены актывісту ў снежні 2015 года, у сакавіку 2016 года Масгарсуд змякчыў пакаранне да 2,5 гадоў.



З Фэйсбука Леаніда Волкава, сябра "Команды Навального"



Праваабарончы цэнтр "Мемарыял" прызнаў Ільдар Дадзіна палітвязнем. Абарона актывіста падала скаргу ў Еўрапейскі суд па правах чалавека, паведамляе www.svoboda.org




Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: