Зіма ў Курапатах

Ужо больш за паўгода працягваецца грамадская варта ля рэстарана «Поедем поедим», пабудаванага, на думку актывістаў, з парушэннем ахоўных зон грамадскага мемарыялу ў Курапатах. Як абаронцы пачуваюцца ўзімку?

Ісці на варту ў Курапатах цяпер цёмна, але не сказаць, што страшна. Ліхтароў ва ўрочышчы няма, затое снег дае святло, неба таксама светлае ад мінскіх агнёў. Нягледзячы на холад, ля брамы рэстарана «Поедем поедим» неяк цёпла: усе свае, усе знаёмыя. Суботнім вечарам тут сямёра актывістаў. Машыны заязджаюць, амаль не звяртаючы на абаронцаў увагі, яўна ведаючы, куды кіруюцца. За дзень рэстаран наведала каля дваццаці аўто, збольшага ўжо знаёмых актывістам. Апошнім часам з’яўляюцца ахвочыя паесці з рэгіёнаў, што мэтанакіравана шукаюць рэстаран, магчыма, па запрашэнні гаспадароў. Выпадковыя наведвальнікі, што едуць па кальцавой дарозе і спыняюцца паесці, звычайна з’язджаюць, атрымаўшы інфармацыю пра народны мемарыял.

Абаронцы перайшлі на зімовы рэжым, цяпер варта стаіць штодня з 16 да 21 гадзіны. Толькі БХД пакуль трымае свой дзень, сераду, з 12.00. За варту ў аўторак адказвае рух салідарнасці «Разам», Малады Фронт і КХП БНФ дзяжураць, суадносна, па пятніцах і нядзелях, з падтрымкай беспартыйных актывістаў. У астатнія дні людзі выходзяць таксама, каардынуючыся між сабой.

Абраны 15 снежня старшынём Маладога фронту Дзяніс Урбановіч дэкларуе, што ў бліжэйшы час абарона Курапатаў — прыярытэтны напрамак дзейнасці арганізацыі. І ён, і сустаршыня БХД Павел Севярынец заяўляюць, што варта будзе працягвацца да закрыцця «Поедем поедим» і аднаўлення ахоўнай зоны мемарыялу шляхам руйнавання ці пераносу будынкаў рэстарана.

Дзякуючы самаарганізацыі ўдзельнікі варты звычайна маюць аўто, каб пагрэцца, цёплую гарбату. Ахвочых далучыцца заклікаюць прыходзіць штодня з 16 да 21 гадзіны, цёпла апрануўшыся і ўзяўшы флікеры.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!