Зянон Пазьняк: «Спецлюдзі» плануюць правакацыі падчас шэсця ў Вільні

Лідар КХП-БНФ Зянон Пазьняк заявіў пра магчымыя правакацыі падчас перапахавання парэшткаў паўстанцаў 1863 года ў Вільні 22 лістапада.


"Перапахаванне герояў паўстання ў старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага і цэнтры паўстання – Вільні не да спадобы непрыяцелям Беларусі. Ім хацелася ганьбы і скандалу", — піша Зянон Пазьняк.

Ён узгадвае, што "ў жніўні-верасні ў Вільні апынуўся спецпасланец гэтых спецлюдзей, які намовіў дэпутатам Сейму думку аб асобным пахаванні кіраўніка паўстання Кастуся Каліноўскага на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Неўзабаве з'явіўся сакрэтна падрыхтаваны ліст-петыцыя ад беларускай інтэлігэнцыі да Ураду і Сейму Летувы аб выдачы парэштак Каліноўскага.

Скандал сапраўды пачаўся і агентура, якая курыравала гэты ліст, падняла лямант і непрыстойны шум. Аднак нічога з гэтай авантуры не атрымалася. Разумных людзей са здаровым сэнсам у галаве было больш. Правакацыя захлынулася".

Між тым, папярэджвае Зянон Пазьняк, “спецлюдзі” плануюць правакацыю ў час жалобнага шэсця. "Фантазія ў гэб’я небагатая, рыхтуюць у асноўным выкрыкі ў час жалобы, кшталту: “аддавайце Вільню”, “Аддавайце Каліноўскага” і т. п. Магчыма будуць шкодныя надпісы, неадэкватнае захаванне і варожая сімволіка". 

Па словах Пазьняка, пра планы правакатараў папярэджаныя адпаведныя асобы ў Літве і беларуская грамадскасць. "Правакатарам не зайздрошчу", — заключае лідар КХП-БНФ.

Нагадаем, 22 лістапада на віленскіх могілках Росы адбудзецца пахаванне астанкаў Кастуся Каліноўскага і яшчэ 20 удзельнікаў паўстання 1863 года. 

Нашы калегі з тэлеканала "Белсат" 22 лістапада будуць весці шматгадзінную жывую трансляцыю з сталіцы Літвы, падчас якой можна будзе ўбачыць жалобнае шэсце і іншыя мерапрыемствы з нагоды перапахавання. Паглядзець трансляцыю вы зможаце таксама на сайце novychas.by. Пачатак а 10 гадзіне. 

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: