Змены па бальнічных з-за пандэміі: каму і ў якім памеры іх аплоцяць

Для бацькоў дзяцей да 10 гадоў, якія сталі кантактамі першага або другога ўзроўню з тымі, у каго пацверджаны каронавірус (пры наяўнасці аднаго або некалькіх рэспіраторных сімптомаў) у Беларусі ўвялі бальнічныя.
Гэта прадугледжана ўказам Лукашэнкі № 143 «Аб падтрымцы эканомікі». Да з’яўлення ўказа ў такіх выпадках ва ўмовах пандэміі выдавалі толькі даведку аб часовай непрацаздольнасці — дакумент, які пацвярджае вызваленне ад працы, але не падлягае аплаце.

Мінпрацы растлумачыла, хто з бацькоў і на колькі зможа зараз атрымліваць лісткі непрацаздольнасці.

Дапамогу па доглядзе ў такім выпадку будуць прызначаць гэтак жа, як і пры доглядзе за хворым дзіцем да 14 гадоў (дзіцяці-інваліда да 18 гадоў). На гэты перыяд будзе адкрывацца аплачаны бальнічны, але калі бацькі гэтых дзяцей або іх наймальнікі плацілі за іх страхавыя ўнёскі ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

— Перыяд знаходжання на лістку непрацаздольнасці па гэтым выпадку часовай непрацаздольнасці — да 14 каляндарных дзён, памер аплаты — 100% сярэднядзённага заробку з першага дня знаходжання на лістку непрацаздольнасці, — адзначаецца на сайце Мінпрацы.

Указ уступіў у сілу 25 красавіка 2020 г. і дзейнічае «да адмысловага рашэння кіраўніка беларускай дзяржавы».

Паводле Заўтра тваёй краіны

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: