Зміцер Дашкевіч: «Час працуе супраць Лукашэнкі»

На волю выйшаў затрыманы падчас Курапацкай вахты Зміцер Дашкевіч. Ён быў асуджаны на 20 сутак зняволення, якія адсядзеў у ізалятары на Скарыны і ў Жодзіна. «Гэтым людзям (АМАПу) скажы: рэж, катуй, страляй — для іх дна не існуе, яны будуць рабіць гэта з радасцю. На свабодзе — тэрор, у турме — катаванні», — мяркуе Дашкевіч

У Жодзіна, распавёў актывіст, канваіры вельмі жорсткія, кругласутачна б'юць людзей. Перад выхадам Змітра ўдарылі за тое, што ў пратаколе напісаў па-беларуску. У ізалятары ж на Скарыны, дзе ён сядзеў да мінулага чацвярга, супрацоўнікі былі больш лагодныя. Але там за ноч падымалі па тры разы, у Жодзіна — ці раз, ці, здаралася, увогуле не падымалі

Матрацаў і кніг палітычным зняволеным не выдавалі нідзе, але ў звычайных адміністрацыйшчыкаў яны былі.

На Скарыны ў камеры на 8 чалавек сядзела 11 затрыманых, у Жодзіна ў камеры на 8 месцаў было максімальна 16 чалавек.

Кнігі было дазволена чытаць з 12.00 да 12.30, але колькі вязні ні прасілі кніг — ім не давалі. Асадкі, каб нешта напісаць, таксама не даваляся.

Людзі хварэлі, мелі высокую тэмпературу, але медычнай дапамогі ім не давалі. Нават лекаў было недапрасіцца: таблеткі, кнігі — усё валялася на падлозе перад камерай. Тры дні адзін хворы сукамернік не мог дазвацца доктара.

Зміцер Дашкевіч лічыць, што цяпер Курапацкую варту не мае сэнсу працягваць: «У гэтым фармаце Курапацкая варта скончаная, бо так яе працягваць немагчыма».

«Ёсць у нас самая галоўная зброя, якую можна выкарыстоўваць — гэта родная мова», — гаворыць Зміцер пра тое, як змагацца далей, калі ўсё забаронена.

«Мы ўвесь час спрабуем сябе абазначыць — сцягамі, чымсьці яшчэ, і гэта цягне на 30 сутак. А калі мы пачнём размаўляць па-беларуску — гэта ні на што не цягне, і так пераможам».

Зміцер таксама заклікае падтрымліваць усіх, хто сядзіць у турмах, асабліва тых, хто не прызнаны палітвязнем

«Час працуе супраць Лукашэнкі, галоўнае нам самім застацца пры памяці», — перакананы Дашкевіч

Нагадаем, Змітра Дашкевіча затрымалі 23 красавіка падчас Курапацкай варты разам з Ганнай Шапуцька, Кірылам Лойкам, Артурам Белаблоцкім і Марыяй Камаровай.

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

  • Апошняе на сайце
,

Больш цікавага на «Новым Часе»: