Зміцер Дашкевіч: Каронавірус стане для Лукашэнкі тым, чым для Гарбачова стаў Чарнобыль

Людзі сістэмы, якія даўно падпарадкаваліся хлусні, ніколі супраць хлусні не паўстануць. Будуць наракаць, будуць праклінаць, будуць гінуць — але за праўду не паўстануць.
Зайшоў днямі ў адну дзяржаўную ўстанову па некаторыя дакументы для працы. Калідоры забітыя малым, сярэднім і вялікім бізнесам: хто ў масках, хто без масак; хто ціснецца да суседа, хто трымаецца далей — няма адзінства ў шэрагах працоўных масаў. Што не скажаш пра чыноўнікаў у кабінетах — у кожным размовы пра каронавірус.



«Віця, будзеш увечары дома, уключы Еўран'юс, — кажа адна кабета па тэлефоне, пакуль я чакаю на паперку. — Там ужо рэпартажы пра Беларусь паказваюць, як нашым тут усё фіялетава. І гэтага, сам разумееш каго, паказалі, які гаворыць: "Я б вас усіх закрыў, але што вы жраць будзеце?" Уяўляеш, так і гаворыць: што вы жраць будзеце?! Божа ты мой, ды я ўжо і пагаладаць гатова, абы выжыць. Ды і многія старыя нашыя, думаю, таксама пажыць яшчэ хацелі б».

Дык хто ведае, калі яшчэ такое было ў нас, каб нават чыноўнікі, ды шчэ ў прысутнасці падазронага беларускамоўнага ІПэшніка, не стрымліваліся наракаць на існы лад і Самога?

Камусьці падабаўся Сам (ім), камусьці ўсё жыццё не падабаўся (нам), але, трэба прызнаць, да апошніх год ён адчуваў нерву грамадства і на ёй па-майстэрску граў. Гэта была таленавітая, з вельмі вострым нюхам палітычная жывёла. Але тыя часіны засталіся ў мінулым: псіхолаг страціў нерву, жывёліна згубіла нюх.

Гэта сёння бачаць усе. Таму за апошнія пару тыдняў даводзілася часта чуць ці чытаць кшталту: дык як жа дактары, яны ж бачаць, што адбываецца, няўжо яны не паўстануць супраць маразму? Дык як жа вайскоўцы з парадамі, ён жа вядзе іх на загібель, няўжо яны не выступяць супраць самазнішчэння? Дык як жа настаўнікі, яны ж разумеюць маштаб вар'яцтва, няўжо яны не ўзбунтуюцца?

Натхняючыя, трэба сказаць, развагі! Але як мы гэта сабе ўяўляем, паўстане той, хто ўчора афармляў збітага паэта Някляева на «Амерыканку»? Праўду скажа тая, якая ўчора напісала Галоўнаму хлусу 80% на «выбарах»? Той, хто ўчора цэліў дубінкай па жанчыне, сёння выступіць у абарону грамадства? Людзі сістэмы, якія даўно падпарадкаваліся хлусні, ніколі супраць хлусні не паўстануць. Будуць наракаць, будуць праклінаць, будуць гінуць — але за праўду не паўстануць.

І што вельмі цікава ў сённяшняй сітуацыі! Яны, каторыя згадзіліся з панаваннем злачынцаў, былі перакананыя, што разлічвацца за гэтае панаванне будзе толькі той, хто ўздымае сваю галаву. Яны думалі, разлічвацца будзе толькі 70-гадовая Ніна Багінская, якую абклалі шматтысячнымі штрафамі. Яны спадзяваліся, разлічвацца будзе толькі 80-гадовы Ян Грыб, якога цягнуць «зашчытнікі правапарадку» ў аўтазак. Але здарылася нечаканае: разлічвацца перадусім трэба ім — людзям сістэмы. Бо чалавек Праўды (а некалькі такіх, мы ведаем, засталося нават у дзяржустановах) заўжды мае магчымасць не падпарадкавацца, а чалавек Хлуса будзе ісці туды, куды яго павядуць: чарнобыльскі суботнік, першамайская дэманстрацыя, пабеданосны парад.

Складаецца ўстойлівае ўражанне, што зямны Бацька хлусні збірае сакральную ахвяру Бацьку хлусні духовага свету. І сваіх ён пакладзе ў гэтай мясарубцы багата. Але не ягоныя на гэты ахвярнік класціся наўрад ці захочуць. Спроба вярнуць дзяцей у школы — яскравы таму паказнік. Колькі не распінаўся, што народ просіцца ў школы — школы амаль пустыя. Настаўнікаў нагнаў, а бацькі прагаласавалі дзецьмі — найкруцейшы плебісцыт чвэрці стагоддзя! Чыноўнікаў на суботнік выпрэш, але грамадства на бяспечнай ад вас дыстанцыі. Вайскоўцаў на парад прыгоніш, але глядзець на танчыкі не будзе каму. Застанецца табе горад твой пусты.

Бо псіхолаг страціў нерву, жывёліна згубіла нюх. У такі дэсанас увайсці з грамадствам — гэта трэба ўмудрыцца, але гэта, відаць што, лагічны шлях кожнага самадура, ачмурэлага ад дзесяцігоддзяў бязмежнай улады.

1 траўня 1986 года апошні генсек кампартыі Гарбачоў шчэ спрабаваў хаваць праўду пра Чарнобыльскую трагедую і пагнаў людзей на дэманстрацыі. Але потым, кажуць, заявіў, што Чарнобыль быў галоўнай прычынай развала Савецкага Саюза, бо стаўся «каталізатарам галоснасці, якая ўзарвала адзін са слупоў сістэмы — хлусню». Хоць, аналізуючы гісторыю любы зразумее, што Чарнобыль — гэта ўсяго жахлівае дно, у той жахлівай магіле, якую рыла сама сабе 70 год кампартыя.

Здаецца мне, што каронавірус, які «не бачыць» Галоўны эпідэміёлаг і ад якога ў Галоўнага патолагаанатама «ніхто не памрэ», станецца для яго тым, чым для Гарбачова стаўся Чарнобыль — дном у яме, якую 26 год рыў сам сабе Бацька хлусні.

Зміцер Дашкевіч, facebook.com

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook, падпісвайцеся на наш канал у Яндэкс Дзэн!

Больш цікавага на «Новым Часе»: