Зміцер Дашкевіч усё ж прывёз крыжы да рэстарану ў Курапатах

Зміцер Дашкевіч з паплечнікамі прывёз крыжы да рэстарану «Поедем поедим». Першая спроба была няўдалай — машыну затрымалі, «прадукцыю» арыштавалі, паведамляе «Радыё Свабода».

Зьміцер Дашкевіч каля рэстарану «Поедем поедим»

Да месца народнага супраціву Зміцер Дашкевіч прыехаў з аднадумцамі і сваёй сям’ёй — жонкай Настай і дзецьмі Марай і Давідам. Хлопцы разгрузілі брусы, цяпер трэба збіць іх у крыжы.

Ахова рэстарану не была падрыхтаваная да такога развіцця падзеяў і пакуль толькі назірае. Міліцыянты ўжо папярэдзілі, што супрацьпраўныя дзеяння могуць завершыцца ізалятарам часовага ўтрымання.

Зміцер Дашкевіч заклікаў усіх неабыякавых далучыцца да сённяшняй вахты ў Курапатах. Тым часам самыя актыўныя абаронцы атрымалі тэрміны адміністрацыйнага зняволеньня, у асноўным па 10 сутак.

29 чэрвеня аўтамабіль, якімі Зміцер Дашкевіч, Ягор Лаўрухін і Валер Мінец везлі крыжы ў Курапаты, спынілі супрацоўнікі Дзяржаўтаінспэкцыі. Пасажыраў даставілі ў Ленінскі РУУС Мінску, аўтамабіль транспартавалі на штрафстаянку.

Неўзабаве актывістаў адпусцілі без складання пратаколаў, але распачатая праверка паводле артыкулу аб «парушэнні правілаў гандлю і аказання паслуг насельніцтву» (арт. 12.17 КаАП). Праверка можа цягнуцца да 10 дзён з магчымым падаўжэннем да 30 дзён.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!